дзярні́на, ‑ы, ж.
Тое, што і дзёран. З цяжкасцю прарваў .. [Андрэй] дзярніну гэтай тупой прыладай і пачаў капаць. Пестрак.
дзярні́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Тое, што і гарыца.
дзярні́сты, ‑ая, ‑ае.
Густа прарослы карэннем травяністых раслін; задзірванелы. Дзярністая глеба.
дзярно́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дзёрну, з’яўляецца дзёрнам. Незабыўныя мясціны: Лес, і лес, і лес. Як мядзведзь, на шчыт дзярновы Шэры мох узлез. Танк.
дзяру́га, ‑і, ДМ ‑рузе, ж.
1. Тоўстая грубая тканіна. Ткаць дзяругу. □ Ты вострым плугам рэзаў дзірваны, Насіў з дзяругі Шытыя штаны. Куляшоў.
2. Посцілка з такой тканіны. Вокны завешаны дзяругамі. Навуменка. [Жанчыны] улажылі Рыгораў куфэрак на воз і пакрылі яго дзяругаю. Гартны. // Пра ўсякую адзежыну з такой тканіны. — Чаму ты адзяеш гэту дзяругу? Адзявай з гальштукам. Гурскі.
дзяру́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Памянш. да дзяруга; тое, што і дзяруга (у 2 знач.). Ліда ляжала на пасцелі, уткнуўшыся тварам у падушку і прыкрыўшыся да пояса лёгкаю дзяружкаю. Колас. Вулічнае акно было ўжо завешана дзяружкай. Вітка.
дзяру́жны, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з дзяругі (у 1 знач.). Дзяружны мяшок. □ Прачыняюцца ў сенцах дзверы, і на двор выходзіць у зрэбнай сарочцы і дзяружных штанах барадаты чалавек. Мурашка.
дзя́сенны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дзясны, дзяснаў.
дзясна́, ‑ы́; мн. дзя́сны (з ліч. 2, 3, 4 дзясны́), дзя́снаў; ж.
Слізістая абалонка поласці рота, якая пакрывае зубныя адросткі сківіц. Верхняя губа падымалася ўгору і расчыняла дзясны з буйнымі крэпкімі зубамі. Колас. [Мікалай] глядзеў на малога і смяяўся, а той таксама скрывіўся, пускаючы сліну і паказваючы голыя чырвоныя дзясны. Дамашэвіч.
дзятва́ 1, ‑ы, ж., зб.
Лічынкі пчол, чарва; маладыя пчолы.
дзятва́ 2, ‑ы, ж., зб.
Разм. Дзеці (у 1 знач.). [Двор] аж гудзеў ад піску, смеху, крыку і плачу дзятвы. Хомчанка.