Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

групаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Кіраўнік групы (на занятках, рабоце і пад.). [Нампаліт] паведаміў, што сёння ў шаснаццаць ён збірае групаводаў палітзаняткаў. Алешка.

групавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да групы, складаецца з групы. Групавая скульптура. Групавыя заняткі.

•••

Групавы шлюб гл. шлюб.

групаўшчы́на, ‑ы, ж.

Адсутнасць адзінства ў дзейнасці якога‑н. калектыву: адасабленне невялікіх груп, якія абараняюць свае вузкагрупавыя інтарэсы. Ліквідаваць групаўшчыну.

гру́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Памянш. да група (у 1, 3 знач.); невялікая група. Групка дзяцей.

групко́м, ‑а, м.

Групавы камітэт, выбарны орган некалькіх сумежных пярвічных прафсаюзных арганізацыя. Групком АН БССР.

групо́рг, ‑а, м.

Групавы арганізатар, кіраўнік групы ў партыйнай, камсамольскай або прафсаюзнай арганізацыі.

групо́ўка, ‑і, ДМ ‑поўцы; Р мн. ‑повак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. групаваць і групавацца.

2. Аб’яднаная група, якая адасобілася ад каго‑, чаго‑н. Палітычныя групоўкі. Літаратурныя групоўкі. □ У канцы лістапада.. нямецка-фашысцкае камандаванне спрабавала дэблакіраваць акружаную групоўку. «Маладосць».

гру́ца, ‑ы, ж.

Абл. Ячменныя крупы, а таксама каша з гэтых круп. Пудзік хлеба з мякінай, Груцы, бобу крыху. Якой бульбы асьміну — Ці ж не дос[ыц]ь мужыку? Купала.

груча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Разм. Грукаць, грукатаць. Міхалка ў кузні. Малатком гручыць па жалезе. Бядуля. А ў хаце ігралі скрыпкі і бубнілі бубны, пелі і гручалі. Гарэцкі.

гру́ша і ігру́ша, ‑ы; Р мн. груш і ігруш; ж.

1. Фруктовае дрэва сямейства ружакветных з сакавітымі салодкімі пладамі ў форме акруглага конуса. Груша-дзічка. Марозаўстойлівы сорт ігруш.

2. Плод гэтага дрэва. Натрэсці груш. Сушаныя грушы. Кампот з ігруш.

3. толькі адз. Драўніна гэтага дрэва. Лыжкі з грушы.

•••

Земляная груша — шматгадовая кармавая і тэхнічная клубняносная расліна сямейства складанакветных; тапінамбур.

На вярбе грушы растуць у каго — маніць, расказвае небыліцы.