Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ско́блевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скоблі. Скоблевае лязо.

ско́бля, ‑і, ж.

Прылада ў выглядзе нажа з ручкамі па канцах для стругання начарна або здзірання кары з бярвення; струг. Каля стальмашні чалавек дзесяць цесляроў акорвалі скоблямі слупы для электралініі. Паслядовіч. [Настаўнік:] — Што гэта ў цябе, хлопчык? [Міхаська:] — А гэта скобля, жэрдзе скабліць. Скрыпка.

ско́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скоўкі.

ско́гат, ‑у, М ‑гаце, м.

Абл.

1. Тужлівыя, нудныя гукі; выццё. Скогат ветру. □ Сяржант .. пад новы скогат бомбаў шаснуў убок. Быкаў.

2. перан. Віск, плач. Ты ж выходзіў пад скогат і гвалт Засяваць беларускі папар. І, сустрэўшы нямала цяжкіх перашкод, Дасягнуў ты пастаўленых мэт. Хведаровіч.

ско́гліць, скоглю, скогліш, скогліць; незак.

Абл. Жаласна павіскваць; скуголіць (пра жывёлін). // Жаласна плакаць (пра чалавека). Як загаварыць [Яўхім], дык, здаецца, спявае. І не так сабе спявае, а проста-такі скогліць, енчыць. Чорны.

скок 1, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. скакаць (у 7 знач.). Цяжкі скок каня. // у знач. прысл. ско́кам. Разм. Скачкамі; наўскач. Пасля размовы са сваім земляком, Яўхім кінуўся скокам з шастом да вады. Ракітны. // Разм. Скачок. У два скокі апынуцца ля акна. □ Здавалася, што .. [Апанас] вось-вось чакаў з кустоў скоку якога-небудзь ворага. Пестрак.

2. Тое, што і скокі. Нават стары Позняк, і той гатоў быў ўскочыць з лаўкі і закруціцца ў шалёным скоку з Янінаю. Мурашка.

•••

На жабін скок — вельмі мала.

На скаку; на ўсім (поўным) скаку — у час руху наўскач. Шмат было тады ў стэпе дзікіх коней, і не кожны батыр мог на скаку накінуць на шыю важаку табуна аркан. Даніленка.

То бокам то скокам гл. бокам.

скок 2, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. скакаць — скокнуць. Конь спужаўся, а я — скок на яго ды наўскапыта ў лес! Колас. А жабка як квакне — ды скок у ставок... Грамыка. [Пятро:] — Успомніў пра ружжо і — скок назад у хату, а госць [воўк] тут і выкінуў свой манеўр. Ракітны.

•••

Скок-паскок (нар.-паэт.) — скача, паскоквае, паскакаў.

ско́кі, ‑аў; адз. няма.

Разм. Дзеянне паводле дзеясл. скакаць (у 6 знач.); танцы. Панна Ядвіга пусцілася ў скокі з сваім «кавалерам». Бядуля. І рогат, песні, скокі, смех Праз водгук у бары Звіняць у Малінаўцы маёй Да позняе пары. Русак.

•••

Скокі святога Віта — нервовая хвароба, пры якой назіраецца міжвольнае паторгванне мускулаў твару або якой‑н. часткі цела; харэя.

ско́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да скакаць (у 1–5, 8 і 9 знач.).

скол, ‑у, м.

1. Месца, дзе адкалоўся, скалоўся кавалак чаго‑н. Скол на камені.

2. зб. Тое, што сколата, сколатыя кавалкі чаго‑н. Ледзяны скол.

ско́лак, ‑лка, м.

1. Адколаты кавалак чаго‑н. Сколак каменя.

2. Спец. Узор, перанесены на матэрыю, паперу пры дапамозе наколвання.

3. перан. Дакладнае падабенства, копія каго‑, чаго‑н. Чытач «Дзевятага вала» з асаблівай нагляднасцю бачыць, як праўда мастацтва зліваецца з суровай праўдай рэальнага жыцця, як мастацкі твор становіцца верным сколкам з рэчаіснасці і абагульненнем яе. «Полымя».