Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

крухма́ліцца, ‑ліцца; незак.

Зал. да крухмаліць.

крухма́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.

Акунаць (бялізну, адзенне) у раствор крухмалу для надання цвёрдасці, глянцу. Крухмаліць бялізну.

крухма́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да крухмалу. Крухмальны завод. // Прыгатаваны з крухмалу. Крухмальны клейстар.

2. Насычаны растворам крухмалу; накрухмалены. Крухмальны каўнер. □ З-пад крухмальных манжэтаў высунуліся рукі — тонкія, белыя, амаль празрыстыя пальцы. Мікуліч.

круце́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. круты.

круце́ль, ‑цяля́, м.

Разм. Хітрун, махляр. Такой лісліваю прымоўкай Сустрэў пан Богут бабыля, Каб акруціць сваёй вяроўкай, Дасціпным ходам круцяля. Колас. У гэтым Платон не зусім памыляўся: частка завознікаў пасля яго памолу шукала іншых млыноў, а праз людзей з гневам перадавалі, што Саковічы — мярзотнікі, басякі, жулікі і круцялі і што іх ай як добра было б на асіне павесіць! Ракітны.

круце́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Разм. Жан. да круцель.

круце́льскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да круцельства, да круцяля. Круцельскія хітрыкі.

круце́льства, ‑а, н.

Разм. Паводзіны, спосаб дзеяння круцяля; махлярства, ашуканства. Праўда, нядоўга трэба было высвятляць, хто займаецца такім круцельствам, бо кожны добра помніў, калі і ў каго ён малоў. Ракітны.

круцёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм.

1. Назва розных прадметаў, прыстасаванняў, якія круцяцца. У другой грамадзе народ акружыў чалавека з круцёлкаю і пазіраў, як прабаваў хто шчасця. Колас. Сям-там скрыпеў журавель або тарахцела круцёлка над студняй. Брыль. [Шыковіч] дасканала ведаў усе старажытныя канструкцыі сялянскіх замкоў — круцёлак, засовак, зашчэпак. Шамякін.

2. Легкадумны, ветраны чалавек (пераважна пра жанчыну). Збіраўся нават раскрычацца [Арцём Ісакавіч] на гэтую бессаромную круцёлку, якая — на табе — знайшла час распытваць аб розных глупствах, ды ў каго распытваць! Лынькоў. [У Веры Андрэеўны] ўжо складаўся вобраз Тамары — хлуслівай круцёлкі, якая хоча ашукаць яе сына. Арабей.

круцігало́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы; Р мн. ‑ловак; ж.

Птушка сямейства дзятлаў, якая пры спуджванні ўтварае арыгінальныя рухі шыяй і шыпіць.