дзяржа́ўнасць, ‑і, ж.
1. Дзяржаўны лад, дзяржаўная арганізацыя. Палессе выявіла ў сабе многа людзей, якія ў гады вайны сталі народнымі героямі ў справе змагання беларускага парода за сваю волю і незалежнасць, за сваю нацыянальную дзяржаўнасць. Чорны.
2. Уласцівасць дзяржаўнага. — Тут нават, калі ўжо так гаварыць, справа не ў грашах, а ў справядлівасці, у дзяржаўнасці нашай лініі. Скрыган.
дзяржа́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дзяржавы, належыць ёй. Дзяржаўны лад. Дзяржаўны герб. Дзяржаўная мова. Дзяржаўная граніца. Дзяржаўны запаведнік. // Здольны аказаць уплыў на ход справы ў дзяржаве. [Верамейчык] павінен вырашаць задачу дзяржаўнай важнасці — знайсці магчымасць рэзкага ўздыму ўраджаю за адзін год. Дуброўскі. // Звязаны з кіраваннем дзяржавай. Дзяржаўны дзеяч. □ Кацярына .. — сапраўды дзяржаўны чалавек, чалавек шырокіх палітычных гарызонтаў, бязмежна адданы непераможнай справе партыі, справе камунізма. Бярозкін.
•••
Дзяржаўнае права гл. права.
Дзяржаўны крэдыт гл. крэдыт.
Дзяржаўным экзамены гл. экзамен.
дзяржа́цца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.
Трымацца. Гэй, ляці, але дзяржыся, Злы яздок, Без пары не праваліся У масток. Чарот. А Сцёпка вывеў з гэтага такое заключэнне, што і перабор меры таксама нядобры, як і недабор. Трэба быць асцярожным і больш дзяржацца сярэдзіны. Колас.
•••
Толькі дзяржыся! — выклічнік, які паказвае на высокую ступень праяўлення якой‑н. якасці. — А які з мяне музыка быў у тых гадах, дык толькі дзяржыся! Бядуля.
дзяржа́ць, ‑жу́, ‑жы́ш, ‑жы́ць; незак., каго-што.
Трымаць. — Таксама мне гаспадар, — гаворыць старшы конюх Ячны. — Што дзе дзяржыць, там і кіне. Брыль. — Павінны мы моцна дзяржаць у руках тое, чым мы моцныя. Чорны. — Дзяржыце гэтага малайца! — паказвае пагранічнік на Гудзілку. Колас.
дзяржбу́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Дзяржаўны камітэт па будаўніцтву.
дзяржпла́н, ‑а, м.
Дзяржаўны планавы камітэт.
дзяржыдрэ́ва, ‑а, н.
Калючая расліна сямейства крушынавых; скарыстоўваецца для жывых агароджаў.
дзяржымо́рда, ‑ы, ДМ ‑дзе, м.
Разм. пагард. Пра грубага, жорсткага, уладалюбівага чалавека.
[Ад імя дзеючай асобы камедыі Гогаля «Рэвізор».]
дзярка́ты, ‑ая, ‑ае.
Рэзкі, надрыўны, з хрыпатой (пра гукі, голас і пад.). Панурыя, змораныя, мокрыя да пены каровы рыкалі на ўвесь лес. Доўга вісела дзяркатае, сухое рэха. Пташнікаў. Раз-пораз з недалёкай таварнай станцыі даносіліся дзяркатыя гудкі паравозаў. Скрыган.
дзярка́ч 1, дзеркача, м.
Стары венік без лісця; галень. Косцік і Тома так выскраблі дзеркачамі двор і вуліцу, што было хоць каціся. Васілевіч. [Якаў] стаяў каля парога і дзеркачом абмятаў з ботаў снег. Чарнышэвіч.
дзярка́ч 2, дзеркача, м.
Тое, што і драч. Было маўкліва вакол, толькі часам дзяркач на сенажаці, быццам пілкай, пераразаў паветра. Броўка. Здавалася, што ўсё жывое перамясцілася туды, на балота: там было шумна — крычалі дзеркачы, ржалі коні. Шамякін.