падсу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Сунучы, наблізіць да каго‑, чаго‑н.; прысунуць. Ложак стаяў не там, дзе стаіць у хаце звычайна, — яго падсунулі да самага стала. Шамякін.
2. Засунуць пад што‑н. Маці выгнала з хаты парсюка, памыла рукі і падсунула нагою карыта пад лаўку. Галавач.
3. Непрыкметна падлажыць што‑н. Хмара выбраў некалькі паперак і працягнуў Крамнёву.. — Зможаш усё гэта ўмела падсунуць немцам? — спытаў Хмара, калі Крамнёў дачытаў усё да канца. — Пастараюся. Шашкоў. // Разм. Карыстаючыся чыёй‑н. няўважлівасцю, даць што‑н. фальшывае, непатрэбнае, непрыдатнае. — Вы падпісалі пратакол агляду месца здарэння. А там напісана, што пыл не патрывожаны. — Падсунулі, дык і падпісаў не чытаючы, — буркнуў Арэшка. Капусцін. [Упраўляючы:] — Адмаўляйся ад дошак. Там хітрыя ўсе: падсунуць абы-што, а тады скажуць — фонды вы свае выбралі. Беразняк.
4. Разм. Даць хабар. Сёй-той гаварыў, што не хвароба выратавала Драча ад акопаў, а грошы, якія той падсунуў пану доктару. П. Ткачоў.
•••
Камар носа не падсуне гл. камар.
Падсунуць свінню — тое, што і падлажыць свінню (гл. падлажыць).
падсусе́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да падсуседзіцца.
падсу́седзі, ‑яў; адз. падсусед, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Беззямельныя сяляне ў Вялікім княстве Літоўскім у 16 — першай палавіне 17 ст., якія жылі на чужых дварах у вёсках і гарадах.
2. Разм. Кватаранты, жыльцы. [Барысевіч:] — Маці пусціла да нас жыць пагарэльцаў. У хаце жыло тады ў падсуседзях восем чужых сем’яў. Залескі.
падсусе́дзіцца, ‑седжуся, ‑седзішся, ‑садзіцца; зак., да каго-чаго.
Разм. Сесці, размясціцца побач з кім‑н.; далучыцца да каго‑, чаго‑н.; прысуседзіцца. [Лоўгач:] — Давайце і мы па адной бярозе пасадзім!.. — Падсуседзімся да дзіцячай ініцыятывы? Савіцкі.
падсу́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падсушыць.
падсу́шванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падсушваць.
падсу́швацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да падсушыцца.
2. Зал. да падсушваць.
падсу́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падсушыць.
падсу́шка, ‑і, ДМ ‑шцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падсушыць.