Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скарастрэ́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пэўнай зброі рабіць максімальную колькасць выстралаў у адзінку часу. Баявая скарастрэльнасць вінтоўкі.

скарастрэ́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае вялікую скарастрэльнасць. Білі скарастрэльныя гарматы, захліпаліся кулямёты на вежах бронецягніка. Лынькоў.

скарасцяме́р, ‑а, м.

Прылада для вымярэння скорасці (хуткасці) руху. Магнітны скарасцямер.

скарата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Зак. да каратаць.

скарахо́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Разм. Той, хто вельмі хутка ходзіць, бегае. — А я думаю: што гэта за скараходы наперадзе, дагнаць немагчыма! — адразу пажартаваў.. [лейтэнант]. Лось. / у перан. ужыв. Андрэй Завацкі спыніў на дарозе калгасную машыну і спытаў у вадзіцеля: — Куды ж гэта ты, скараход мой, ляціш? Ваданосаў. // Спартсмен, спецыяліст па скарасному бегу (на каньках, лыжах і пад.). // Даўней — пасыльны, ганец.

•••

Боты-скараходы гл. боты.

скарахо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да скарахода, уласцівы яму.

2. Які мае вялікую хуткасць руху; быстраходны. Скараходнае судна.

скараце́чнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць скарацечнага. Скарацечнасць жыцця.

скараце́чны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які хутка праходзіць. Скарацечнае лета. □ Як толькі батальён падышоў да Катловіцы, партызаны імітавалі скарацечны, але зацяты бой, у якім не было ні забітых, ні параненых. Сабаленка.

•••

Скарацечныя сухоты (уст.) гл. сухоты.

скараці́цца, ‑роціцца; зак.

1. Стаць кароткім або больш кароткім. Пасля рэдагавання артыкул скараціўся. □ Але вось ланцужок самазвалаў прыкметна скараціўся, вось ужо загружана апошняя машына. Дадзіёмаў. // Стаць менш працяглым у часе. Рабочы цыкл экскаватара скараціўся на 15 секунд. Лукша.

2. Зменшыцца колькасна або па велічыні, у аб’ёме. Колькасць [белых мядзведзяў] за апошнія гады рэзка скарацілася. Матрунёнак. Па даных Генеральнага штаба Чырвонай Арміі, у часе «рэйкавай вайны» перавозкі праціўніка скараціліся на 40 працэнтаў. Дзенісевіч. // Звузіцца, зменшыцца (пра вытворчасці выраб чаго‑н. і пад.). Вытворчасць асобных тавараў скарацілася.

3. Сціснуўшыся, зменшыцца па даўжыні, у аб’ёме (пра тканкі, органы, клеткі). Мышцы скараціліся.

4. У матэматыцы — выразіцца ў меншых ліках пасля дзялення на які‑н. лік.

скараці́ць, ‑рачу, ‑роціш, ‑роціць; зак., каго-што.

1. Зрабіць кароткім або больш кароткім. Каб скараціць дарогу, хлопцы звярнулі на поле і пайшлі, шастаючы ботамі, па ржэўніку. Хомчанка. Я павярнула, каб скараціць шлях, у сквер. Савіцкі. Вершы Танка нельга дапоўніць дадатковымі строфамі або скараціць. Кучар. Настаўніца не толькі выправіла граматычныя памылкі, але і скараціла тэкст. Жычка. // Зрабіць менш працяглым у часе. Скараціць рабочы дзень. □ — Мне тэрмін скарацілі, — задаволена кажа Валодзя. Васілевіч. // Заняць, запоўніць час чым‑н.; зрабіць менш прыкметным час працякання чаго‑н. — Мо шахматы прынесці? — пытаецца Меер. — Давай, скароцім час. Карпюк. Відаць, .. [суседу Міхася] таксама было холадна і нудна, ён гаворкай хацеў скараціць чаканне раніцы. Машара. // Замест поўнай назвы абазначыць што‑н. пачатковай літарай, часткай слова і пад.

2. Зменшыць, абмежаваць колькасна або па велічыні, у аб’ёме. Скараціць штаты. □ Было тое вясною, Яўген Данілавіч дачуўся, што гэты шалёны старшыня самавольна скараціў плошчу пад авёс і ячмень і павялічыў плошчу пад лён. Паслядовіч. // Звузіць, зменшыць (вытворчасць, выраб чаго‑н. і пад.). Скараціць вытворчасць.

3. Разм. Звольніць (з работы, службы). Але тут пачаліся розныя непрыемнасці на фабрыцы. Скарацілі чамусьці з сотню рабочых. Лынькоў.

4. У матэматыцы — падзяліўшы на які‑н. лік, выразіць у меншых ліках. Скараціць дроб.