падсо́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падсачыць 2.
падсо́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да падсочкі.
падсправазда́чнасць, ‑і, ж.
Абавязак даваць справаздачу перад кім‑н. Падсправаздачнасць кіруючых органаў.
падсправазда́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выдаецца з умовай наступнай справаздачы аб расходзе грошай.
2. Які абавязаны рабіць справаздачу перад кім‑н. Падсправаздачная асоба.
падспу́дны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Скрыты, патаемны. Падспудная трывога. □ [Алесь:] — І якімі сродкамі мы карыстаемся, каб дасягнуць мэты, таго, што мы разумеем пад шчасцем? Падспудныя чуткі, дуэлі і ярасць, бойкі на губернскіх зборах, барацьба перад выбарамі. Караткевіч.
падста́ва 1, ‑ы, ж.
Прычына, абставіны, якія даюць тлумачэнне, робяць зразумелымі ўчынкі, паводзіны і пад. каго‑н. Пакуль школа не была яшчэ здадзена, Лабановіч адчуваў пад нагамі нейкі юрыдычны грунт, меў законную падставу заставацца там. Колас. Былі ўсе падставы для таго, каб хвалявацца, але, упэўнены ў сваіх ведах, Міхась быў спакойны. Шахавец. // Абставіны, якія могуць быць асновай для чаго‑н. Але як зняць.. [Машу] з пасады брыгадзіра, Максім не мог прыдумаць. Не было падстаў. Шамякін. // Дакумент, распараджэнне, на аснове якога адбылося пэўнае афіцыйнае дзеянне, мерапрыемства. Падстава: выпіска з пратакола сходу.
•••
На падставе чаго — зыходзячы з чаго‑н., абапіраючыся на што‑н.
падста́ва 2, ‑ы, ж.
Уст. Зменныя коні ў дарозе, а таксама месца змены коней. Ноч спалі ў.. вазку, а ля Дошчыцы сустрэлі трэцюю падставу і зноў пераселі ў сёдлы, хаця з Кастуся быў і не зусім добры яздок. Караткевіч.
падста́вачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да падстаўкі.
падста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што.
1. Паставіць пад што‑н. Ніна наліла вады ва ўмывальнік, тазок падставіла. Лобан. [Халуста] падышоў да скрыні, у якую праз жолаб сыпалася мука. Падставіў далонь і памацаў муку. Чарнышэвіч. // Падперці, падтрымаць чым‑н. [Максім Сцяпанавіч] падышоў да труны і, калі яе сталі падымаць, падставіў плячо. Карпаў.
2. Наблізіць, прыставіць да каго‑, чаго‑н. з якой‑н. мэтай. — Можна каля вас прысесці? — спытала [Людміла] салодкім галаском. — Проша, проша! — прамовіў Лабановіч і падставіў ёй крэсла. Колас. — Ды вы сядайце, сядайце, — падставіў бліжэй да стала два крэслы стары, — Сцяпан Ігнатавіч зараз павінен з’явіцца. Пальчэўскі. // Наблізіўшы або павярнуўшы, зрабіць даступным для каго‑, чаго‑н. Сева нехаця падставіў.. [бацьку] шчаку, хуценька ўзяў чамадан і палез з маці ў аўтобус. Карпаў. Васіль памаўчаў. Адышоў ад манумента да абрыву, зноў падставіў твар салёным пырскам. Шамякін.
3. Паставіць узамен, замяніць кім‑, чым‑н. Падставіць лічбу ў формулу. □ Наталля падышла да Рыгора, каб запрасіць на круг, той ветліва падставіў Уладыся Барэйку. Скрыган.
•••
Падставіць нагу (ножку) — а) паставіць сваю нагу так, каб аб яе спатыкнуўся другі чалавек; б) перан. зрабіць непрыемнасці пашкодзіць каму‑н. [Максім:] — Яно я і сам думаў паспрабаваць шчасця, але саступаю. Сваім нагу не падстаўлю. Асіпенка.
Падставіць (свой) лоб — прыняць на сябе нейкі ўдар.
падстано́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. падставіць (у 3 знач.); замена аднаго другім. Матэматычны спосаб падстаноўкі.
падста́нцыя, ‑і, ж.
1. Электрычная ўстаноўка для пераўтварэння напружання току, які ідзе ад цэнтральнай электрастанцыі.
2. Прамежкавая тэлефонная станцыя.