гру́зка,
1. Прысл. да грузкі.
2. безас. у знач. вык. Вязка, багніста. Сцяпан і Вера Сяргееўна.. селі на бервяно, кінутае на лугавінцы, дзе вясной, відаць, было грузка. Шамякін.
гру́зкі, ‑ая, ‑ае.
Такі, у якім можна ўвязнуць; гразкі, багністы. Грузкім глеем заплылі Скрозь старажытныя дарогі. Зарыцкі. Паміж насыпаў на могілках збіралася вада. Зямля рабілася ліпкай, грузкай, і паўзці было ўсё цяжэй. Галавач.
грузнава́ты, ‑ая, ‑ае.
Трохі грузны. Шафранскі быў чалавек ужо немаладога веку, трошкі грузнаваты. Сабаленка.
гру́знасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан грузнага. Аднак, нягледзячы на сваю грузнасць, .. [Андрэй Данілавіч] вельмі быў рухавы. Ракітны.
грузне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Разм. Станавіцца больш цяжкім, грузным; паўнець. Бор у тумане зябка груз На самыя халявы. І тут грузнеў крамяны грузд, Рос баравік смуглявы. Барадулін.
гру́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. груз і грузнуў, ‑ла; незак.
Апускацца ў што‑н. топкае, грузкае; вязнуць. Ногі ў гліне грузнуць і коўзаюцца па зямлі. Галавач. Некаторыя [бежанцы] завярнулі проста на поле і грузлі ў вясеннім балоце. Маўр. // перан. Знаходзіцца ва ўладзе чаго‑н. — Ты страціў не ўсё, — адказаў Тэафіл. — Але каб ты надалей грузнуў у клопат ах аб мізэрным жываце, ты страціў бы ўсё, Міха! Самуйлёнак.
гру́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Масіўны, цяжкі. Грузны стол. □ Пыл шэраю хмараю валіць З-пад грузных машын у бакі. Калачынскі. Нівы пладавітыя Шэпчуць грузным коласам. Глебка. // Тоўсты, непаваротлівы (часцей пра чалавека, яго цела). Дзедава пляменніца была ўжо не маладая: здаровая, грузная, з бледным прыпухлым.. тварам. Ракітны. Грузны, камлюкаваты Валак, па-старэчы цяжка перавальваючыся, тупае да грубкі. Васілевіч. // Цяжкі, марудны (пра крок, паходку і пад.).
2. Цяжка нагружаны. Я ўбачыў здалёк два вокі, і гэта быў поезд. Ён соп, калі падыходзіў, вельмі ж сярдзіта. І такі ж грузны, чорны ўвесь, як тоўстая вужака. Баранавых.
гру́зчык, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца пагрузкай або разгрузкай чаго‑н. Адзін за другім ідуць з баржы на прыстань грузчыкі, несучы мяшкі з мукою. Галавач.