Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тэрмідарыя́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэрмідарыянства, тэрмідарыянца. Тэрмідарыянская ідэалогія.

тэрмідарыя́нства, ‑а, н.

1. Час панавання тэрмідарыянцаў.

2. Ідэалогія і палітыка тэрмідарыянцаў.

тэрмідо́р, ‑а, м.

1. Адзінаццаты месяц французскага рэспубліканскага календара, які дзейнічаў у 1793–1805 гг.

2. Контррэвалюцыйны пераварот у Францыі 9 тэрмідора, у выніку якога была ліквідавана рэвалюцыйна-дэмакратычная дыктатура якабінцаў і пакладзены канец рэвалюцыі 1789–1794 гг.

тэ́рмін 1, ‑у, ж.

1. Пэўны прамежак часу, адведзены для чаго‑н. Выпрабавальны тэрмін. Месячны тэрмін. □ Тры месяцы — тэрмін невялікі, але дастатковы для таго, каб добра пазнаць чалавека. Данілевіч. Дзесяць год! За гэты тэрмін дрэва Дзесяць раз убор зялёны зменіць, Дзесяць пакаленняў салаўіных Выкалыша на сваіх галінах, Дзесяць залатых кругоў адложыць, Як пярсцёнкак, каля сарцавіны. Танк. Пражыў месяц [Базыль] дома, а за гэты тэрмін шмат чаго змяніў у сваёй гаспадарцы. Нікановіч. // Спрыяльная пара, зручны момант для чаго‑н. Каб выканаць такія абавязацельствы, трэба вельмі многа папрацаваць і перш за ўсё не ўпусціць лепшыя тэрміны на сяўбе. «Звязда».

2. Вызначаны час, пэўная дата, да наступлення якой павінна што‑н. адбыцца, закончыцца. Ад ліп нёсся прыемны водар маладой квецені: сёлета яны зацвілі раней тэрміну. Ваданосаў. // Пэўны момант, час, пасля якога што‑н. павінна адбыцца. Вера не адгаворвала. Казала, што чакае тэрміну і паедзе вучыцца на курсы. Грамовіч.

•••

У тэрмін — у час, своечасова, у пару.

тэ́рмін 2, ‑а, м.

1. Слова (або злучэнне слоў), якое дакладна абазначае пэўнае паняцце ў навуцы, тэхніцы, мастацтве і пад. Філасофскіх тэрміны. Мовазнаўчыя тэрміны. Юрыдычныя тэрміны. □ Тэрміны лацінскага паходжання вельмі пашыраны былі .. ў старабеларускай юрыспрудэнцыі, дзе .. шырока выкарыстоўвалася дакументацыя на лацінскай мове. Жураўскі. // Спецыяльнае слова або выраз, прынятыя для абазначэння чаго‑н. у якім‑н. асяроддзі, прафесіі. Паляўнічы тэрмін. Шахматны тэрмін.

2. Спец. Суб’ект або прэдыкат суджэння, якія ўваходзяць у састаў сілагізма.

[Ад лац. terminus — канец, мяжа.]

тэрмінава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад тэрмінаваць.

тэрмінава́цца, ‑нуецца; незак.

Зал. да тэрмінаваць.

тэрмінава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак. і незак., што.

Назваць (называць) што‑н. якім‑н. тэрмінам. Тэрмінаваць новыя навуковыя паняцці.

тэрміна́л, ‑а, м.

Устройства ў саставе вылічальнай сістэмы, якое прызначана для ўводу інфармацыі ў сістэму і вываду інфармацыі з яе.

[Ад лац. terminalis — які мае адносіны да канца.]

тэрміналагі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тэрміналогіі, уласцівы ёй. Тэрміналагічная камісія. Тэрміналагічная лексіка.

2. Які аб’ядноўвае, змяшчае тэрміны ​2 (у 1 знач.). Тэрміналагічны слоўнік.

тэрмінало́гія, ‑і, ж.

Сукупнасць тэрмінаў у якой‑н. галіне навукі, мастацтва, грамадскага жыцця. Матэматычная тэрміналогія. // Раздзел лексікалогіі, які займаецца вывучэннем тэрмінаў.