Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

крупаве́йка, ‑і, ДМ ‑вейцы; Р мн. ‑веек; ж.

Машына для ачысткі круп ад шалупіння.

крупадзёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Машына для вырабу круп, а таксама невялікае прадпрыемства, дзе вырабляюць крупы. Амаль у кожным мястэчку мы знойдзем такое камбінаванае прадпрыемства, як пільня, млын, ваўначоска, сукнавальня, крупадзёрка і г. д. Сташэўскі.

крупару́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Тое, што і крупадзёрка. Ладуцька сабраў праўленне, параіўся, прыкінуў, што можа даць калгасу невялікі млын, крупарушка. Краўчанка.

круп’е́, нескл., м.

Саўладальнік або служачы ігральнага дома, распарадчык гульні і банкоўшчык.

[Фр. croupier.]

крупе́ня, ‑і, ж.

Тое, што і крупнік. Маці паставіла на стол міску з крупеняй. Корбан. Мяшаючы ў місцы лыжкай забеленую грэцкую крупеню, Антон і тут працягваў сваю размову: — Крупені сербануў бы во, піць не хацелася б. Ермаловіч.

крупі́на, ‑ы, ж.

Асобнае зерне круп.

•••

Крупіна за крупінай ганяецца з дубінай — пра вельмі рэдкую страву.

крупі́нка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш. да крупіна; маленькая крупіна.

2. Дробная часцінка чаго‑н. З сосен ападалі на тратуар ледзяныя крупінкі інею. Грамовіч. // перан. Пра вельмі малую колькасць чаго‑н. [Наталля:] Шчаслівая тым, што я патрэбны чалавек, што магу несці хоць крупінку цяжару, які лёг на плечы народа. Крапіва. У Ганны Сяргееўны яшчэ была крупінка надзеі, і яна рашыла трымацца да канца. Няхай.

кру́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.

1. зб. Здробненае, ачышчанае ад шалупіння зерне пшаніцы як прамежкавы прадукт пры перапрацоўцы яе ў сартавую муку.

2. Род адна- і шматгадовых раслін сямейства крыжакветных.

3. зб. Тое, што і крупы (у 2 знач.); крупкі. Вецер працінаў бок, ляскаў крысамі шыняля, сек у шчокі дробнаю колкаю крупкай. Грахоўскі.

кру́пкі, ‑пак; адз. няма.

Памянш. да крупы.

кру́пнік 1, ‑у, м.

Крупяны суп; крупеня. Ужо з’елі верашчаку, яе месца заняў на стале забелены прасяны крупнік. Гурскі.

кру́пнік 2, ‑у, м.

Хмельны мядовы напітак, пашыраны раней на Беларусі. — Добра, — сказаў тоўсты Іван і закругленым рухам разліў па чарках крупнік. — Карты на стол. Караткевіч.