хаўру́сніцкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Агульны, сумесны. Хаўрусніцкая работа.
хаўру́сны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які належыць хаўрусу. Хаўрусная малатарня. □ [Ганна:] — Хутка год будзе, як падглядалі хаўрусных пчол. З таго ты [Кацярынка] і не была ў Ластку. С. Александровіч.
хаўта́йм, ‑а, м.
Уст. Палавіна гульні ў футболе і хакеі з мячом.
[Англ. half-time.]
хаўту́рны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які мае адносіны да хаўтур, звязаны з хаўтурамі. Хаўтурны абрад. □ Ціхі і страшны лямант бабы ляцеў над вадой да астраўка, адкуль плылі насустрач яму рэдкія ўдары хаўтурнага звону. Караткевіч. Санька — яго таксама ўзялі з сабою — смяяўся і радаваўся, забыўшыся, што гэтая рыба пойдзе на хаўтурны стол. Савіцкі.
2. перан. Сумны, тужлівы. Цяпер наўкола ляжала нядобрая, хаўтурная ціш — нават не шапацела, стаілася ў перадвячэрнім спакоі парадзелая, з жаўцізною лістота старэчых камлістых вязаў. Быкаў. Усюды панаваў хаўтурны настрой: гаварылі ціха, хадзілі асцярожна, быццам недзе блізка ў хаце быў нябожчык. Машара.
хаўту́ры, ‑тур; адз. няма.
1. Разм. Абрад провадаў нябожчыка для пахавання. — Хаўтуры ў іх. Дзіцёнак у Турбоціхі памёр, — сказалі войту. Гарэцкі. Вяселле слаўна песнямі, хаўтуры — плачам. Прымаўка.
2. Абл. Жалобны стол, абед па нябожчыку. Пахаваў поп дзіця, пахрысціў тройчы магілу, выпіў першы, пакуль сабраліся людзі, чарку на хаўтурах і паехаў. Пальчэўскі.
ха́халь, ‑я, м.
Разм. Палюбоўнік, залётнік. Левашоў ушчыпнуў сакратарку за мяккае месца, кіўнуў на мяне: — Ці не хахаля ты такога знайшла, Шура? Шамякін.
ха́ханькі, ‑аў; адз. няма.
1. Жартачкі. — Цяпер мы сапраўдныя рабінзоны, — пажартаваў Паўлік, пляскаючы з усёй сілы сябе па патыліцы. — Яму яшчэ хаханькі ў галаве, — злосна падумаў я, дрыжучы ад холаду. Бяганская.
2. у знач. вык. Вельмі проста, лёгка, смешна. [Дзед:] — Табе [Змітраку] хаханькі, а мы стаім, дарагі час на малацьбе трацім... Рылько.
•••
Не хаханькі — пра што‑н. сур’ёзнае, значнае, нялёгкае. [Шпунцік:] — А зараз паспрабуй управіцца, — адзін дзень застаўся. Дый дабрацца няма як, — семнаццаць кіламетраў — не хаханькі. Корбан.
хахла́ч, ‑а, м.
Млекакормячая жывёліна сямейства цюленевых; самцы гэтых жывёлін маюць падскурны мяшок на галаве, які пры ўзбуджэнні раздзімаецца.
хахулёвы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да хахулі. Хахулёвая нара. Хахулёвы корм. // Зроблены з футра хахулі. Хахулёвы каўнер.
хаху́ля, ‑і, ж.
Вадзяны звярок атрада насякомаедных з каштоўным футрам бура-шэрага колеру, а таксама футра гэтага звярка.