Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эпідэміёлаг, ‑а, м.

Урач, спецыяліст па эпідэмічных хваробах.

эпідэмі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эпідэміі, мае характар эпідэміі. Эпідэмічнае захворванне. // Прызначаны для барацьбы з эпідэміяй. Эпідэмічныя прышчэпкі. Эпідэмічная камісія.

эпідэ́мія, ‑і, ж.

Шырокае распаўсюджанне якой‑н. заразнай хваробы чалавека. Эпідэмія грыпу. Эпідэмія халеры. □ — Я ведаў не Савіча-здрадніка, а Савіча-ўрача, буйнейшага інфекцыяніста, бясстрашнага чалавека, які за сорак год урачэбнай дзейнасці патушыў дзесяткі эпідэмій. Шамякін. // перан. Пра тое, што хутка пашыраецца. «Хвароба душ», як назваў эпідэмію самагубстваў адзін з вядомых тагачаснікаў-журналістаў, была ў Расіі, як ніколі дагэтуль, пашырана. Галавач.

[Грэч. epidēmía.]

эпідэміялагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эпідэміялогіі. Эпідэміялагічны аналіз.

эпідэміяло́гія, ‑і, ж.

Галіна медыцыны, якая вывучае прычыны ўзнікнення і заканамернасці распаўсюджання эпідэмій і распрацоўвае меры барацьбы з імі.

[Ад грэч. epidēmía — павальная хвароба і logos — вучэнне.]

эпідэ́рма, ‑ы, ж.

Спец. Тое, што і эпідэрміс.

эпідэ́рміс, ‑а, м.

Спец.

1. Знешні, паверхневы слой скуры жывёл і чалавека, які складаецца з эпітэлію.

2. Покрыўная тканка лісця, сцябла, кораня і іншых органаў раслін.

[Ад грэч. epi — на, над і dérma — скура.]

эпізаатало́гія, ‑і, ж.

Галіна ветэрынарыі, якая вывучае заканамернасці ўзнікнення, пашырэння эпізаотый і распрацоўвае меры барацьбы з імі.

[Ад грэч. epi — на, над, пры, zóon — жывёла і logos — вучэнне.]

эпізааты́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае характар эпізаотыі. Эпізаатычныя захворванні. // Прызначаны для барацьбы з эпізаотыяй. Эпізаатычны персанал.

эпізады́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан эпізадычнага. Эпізадычнасць праверак.