Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шчанё,

гл. шчаня.

шчані́цца, шчэніцца; незак.

Прыводзіць шчаня, шчанят (пра сабаку, ваўчыцу, лісу і пад.).

шчаню́к, ‑а, м.

1. Тое, што і шчаня. Шчанюк спачатку хацеў панюхаць вожыка: дакрануўся носам да шэрых іголак. Брыль. Шчанюк круціўся каля плота. Малы, таўсматы, на кароткіх і шырокапастаўленых лапах. Паўлаў.

2. перан. Разм. Пра маладога, неспрактыкаванага чалавека. Ханскі сын, шчанюк жаўтавухі, Праязджаў... Убачыў... Адняў... Як я мог не адчуць: ты скутая? Не пачуць здалёк: ты ў бядзе? Караткевіч. Побач з гэтым мацёрым бандытам Палітаў выглядаў шчанюком. «Маладосць». / Ужываецца як лаянка. Чыкілевіч правёў Мікіту злосным вокам... «У, шчанюк!» — працадзіў ён скрозь зубы. Колас. — Ах ты, шчанюк! — злосна прабурчаў паліцай. — Чаго крычыш на ўсю вуліцу? Самі бачым... Няхай. — Шчанюк! — зашыпеў Сімон, яшчэ раз пляснуўшы Іліко па шчацэ. Самуйлёнак.

шчаня́ і шчанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня сабакі, а таксама ваўчыцы, лісы і пад. Сука шызая ў палацы Радзівіла Прынесла шывых трох шчанят. А. Александровіч. / Разм. груб. Пра дзіця. [Лабыш:] Ты што, сапраўды спадзяешся стаць маім зяцем?.. Лепш я шчанят тваіх гадаваць буду, а дачкі сваёй за цябе, галетніка, не аддам. Козел.

шчаня́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шчаняці, належыць яму. Раптам зноў пачуўся брэх, цяпер ужо куды бліжэй, і таму мацнейшы. Звонкі, шчанячы. Ваданосаў. // Які прызначаны для шчаняці. Шчанячая посцілка.

2. Такі, як у шчаняці, уласцівы шчаняці. Шчанячы голас.

шчапа́, ‑ы, ж., зб.

Разм. Тое, што і дранка. Над частаколам уздымаліся толькі два-тры вянцы сцен ды трох’ярусны дах з грубай замшэлай шчапы. Караткевіч.

шчапа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць, прызначаны для шчапання. Шчапальная машына.

шчапа́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад шчапаць.

2. у знач. прым. Атрыманы ў выніку адколвання тонкімі пластамі. Шчапаная лучына.

шчапа́цца, ‑аецца; незак.

1. Аддзяляцца, адколвацца; трэскацца. Трэскалася зямля, шчапалася, як калода на сонцы. Пташнікаў.

2. Зал. да шчапаць.

шчапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Аддзяляць па слаях лучыну і пад. А бацька, сівы і яшчэ жвавы клапатун, цюкае непадалёку сякерай — шчапае на калодцы дровы. Ракітны. [Дзед] завіхаўся ля чыгункай печкі, шчапаў лучыну. Лынькоў.

2. Разломваць, разбіваць на кавалкі, часткі. Наступленне, як звычайна, пачалі артылерысты — шчапалі дот за дотам, хавалі пад іх абломкамі ворага. Мележ. Як кладзеш цэглу такую, размякае вапна, набрыняе і шчапае цэглу на кавалкі, псуе сценку. Шынклер. Пасля з грымотамі і звонам Вада шчапала крохкі лёд. Глебка. / у перан. ужыв.; і каго. А ён [вораг] як сыпне з кулямётаў, Так і шчапае нашу роту! Колас.