Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шкарляты́на, ‑ы, ж.

Вострая заразная хвароба, пераважна ў дзяцей, якая характарызуецца агульнай інтаксікацыяй арганізма і суправаджаецца болем у горле і чырванаватай высыпкай.

[Іт. scarlattina.]

шкарляты́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шкарлятыны. Шкарлятынавая эпідэмія.

шкарлятыно́зны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шкарлятыны. Шкарлятынозная высыпка. // Хворы на шкарлятыну. Шкарлятынознае дзіця.

шкарпэ́ткі, ‑так; адз. шкарпэтка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Кароткія панчохі, якія не даходзяць да калена. Васіль Кузьміч зняў туфлі і закінуў ногі ў шкарпэтках на падушку канапы. Лобан.

шкату́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Невялікая скрыначка з вечкам для захоўвання дробных, звычайна каштоўных рэчаў. Пачалі работнікі капаць і выкапалі панскую шкатулку з грашыма. Якімовіч.

[Ад польск. szkatuła.]

шквал, ‑у, м.

1. Раптоўны моцны парыў ветру (часам з дажджом). І раптам парывы магутнага шквалу На чорныя камні абрушылі пырскі. Звонак. Дождж мацнее. Заходні вецер наганяе цяжкія хмары і б’е па машыне вадзяным шквалам. Мяжэвіч.

2. перан.; чаго або які. Пра што‑н. раптоўнае, імгненнае, што праяўляецца з вялікай сілай, у значнай колькасці. Любіны думкі захліснуў шквал дзявочага смеху і гоману. Васілевіч. І кадр палкоўніцкі радзее, Змывае ўсё салдацкі шквал. Колас. // Моцная масіраваная стрэльба (з гармат, кулямётаў і пад.). На ўскраіне гарадка мітусіліся стракатыя постаці, але лезці пад шквал кулямётнага агню не адважваліся. Грахоўскі. Шрапнельны шквал быццам бы прыцішаўся, радзеў. Кулакоўскі.

[Англ. squall.]

шква́лісты, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца шквалам, нагадвае шквал (у 1 знач.). Чуваць было, як за шклом ілюмінатара завывае шквалісты вецер. Лынькоў.

2. Са шквалам; які прадвяшчае шквал. Шквалістае надвор’е.

шква́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца шквалам, са шкваламі (у 1 знач.). Шквальны вецер. □ Надыходзіла ноч, шквальная, ліўневая. Шыцік.

2. Моцны, масіраваны (пра стрэльбу). Выбрацца з акопа нельга было пад такім шквальным агнём. Марціновіч.

шке́льца, ‑а, н.

1. Памянш. да шкло (у 2 знач.); невялікі выраб са шкла. Маша ўбачыла праз шкельцы яе акуляраў, што Іра глядзіць на яе зняважліва і насмешліва. Шамякін. Шкельца гадзінніка запацела ад вільгаці. Капыловіч. // Асколак, частка, кавалак шкла. Народ кінуўся за .. [Ганнаю] ў завулак, пакідаючы сляды на гарачай, як прысак, зямлі, уціскаючы драбнюткія шкельцы ад пабітых акон у асфальт. Гурскі. // перан. Пра тое, што па сваіх уласцівасцях (колеру, бляску, цвёрдасці, празрыстасці і пад.) нагадвае шкло. На .. [дарозе] то там, то тут былі раскіданы серабрыстыя шкельцы лужын, у якія глядзеліся белыя, вымытыя першымі дажджамі хмаркі. Гамолка.

2. толькі мн. (шке́льцы, ‑аў). Разм. Акуляры або пенснэ. Не знайшоўшы, відаць, злога, .. [паэт] зноў надзяваў шкельцы і тады пачынаў мармытаць-абдумваць новыя радкі... Мележ.

шке́нцель, ‑я, м.

Спец. Кароткі карабельны трос са сталі ці пянькі з блокам ці кольцам, прымацаваным на канцы. // перан. Разм. Пра недасведчанага, неспрактыкаванага, нявопытнага чалавека. [Адам:] — З мяне ж, Валя, не вялікі памагаты, сам ведаеш. Шкенцель я ў мадэльнай справе. Чарцяжоў не разумею... Мыслівец.

[Ад гал. scenkel.]