Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цалава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; незак., каго-што.

Дакранацца вуснамі да каго‑, чаго‑н., выказваючы пачуццё любві, удзячнасці, ласкі пры сустрэчы, на развітанне і пад. Маці абняла свайго сынка і пачала яго цалаваць. Чарнышэвіч. Вясёлая, бестурботная Ліда гуляла на сваім дворыку, занялася за кацяняткам, лавіла яго, туліла да шчакі, штось ласкавае гаварыла яму і цалавала. Колас. Перад тым, як пайсці з дому, .. [Змітрок] зноў шчыра пацалаваў сястру, як некалі цалаваў маці... Ваданосаў. / у перан. ужыв. Ляцеў насустрач хмельны ад шчасця, чысты вецер, цалуючы родныя твары, поячы салдат ранішняй свежасцю і водарам. Мележ. Калышуцца Прыпяці хвалі, Цалуюць пясок залацісты. Нядзведскі.

•••

Цалаваць рукі і ногі — вельмі прасіць, маліць. — Ён [ляснік] мне рукі і ногі цалаваў, абы я пусціў яго жывога. Чарнышэвіч.

цале́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. цэлы.

цалёвы, ‑ая, ‑ае.

Роўны адной цалі. Цалёвы цвік. Цалёвая дошка.

цалёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы; Р мн. ‑лёвак; ж.

Разм. Дошка таўшчынёй у адну цалю. Блізка ад вуліцы проці першага ганка стаяла студня са стрэшкай, зробленай з новых, жоўтых, пагабляваных сасновых цалёвак. Пташнікаў.

цалі́к, ‑у, м.

1. Няезджаная, няходжаная прастора, звычайна снежная. За ноч наваліла столькі снегу, што нідзе не было ні сцежкі, ні дарогі, спрэс цалік. Чарнышэвіч. Зімовыя дарогі. Усе вы пракладаецеся па цаліку такім вось першым следам. Машара. Аднак Міхед, каб не трапляцца людзям на вочы, сышоў з дарогі і пасігаў па цаліку. Сабаленка.

2. у знач. прысл. цаліко́м. Без дарогі, напрасткі. Усе лясныя жыхары неахвотна ходзяць цаліком, трымаюцца ўезджаных дарог і сцежак. Ігнаценка. Землепраходцы і хадакі Не шукалі сушэйшага беражка, Яны цаліком, яны напрасткі Праклалі пеша сцяжыны першыя. Барадулін.

цаліна́, ‑ы, ж.

1. Некранутая, ніколі не араная, але прыгодная для апрацоўкі зямля. На ўзаранай і шчодра ўгноенай попелам цаліне закаласілася жыта, проса, авёс, ячмень. В. Вольскі. // Разм. Цалінныя землі, пераважна Сібіры і Казахстана, якія пачалі інтэнсіўна асвойвацца ў 50‑я гады 20 ст. Ідуць шафёры і шахцёры, Геолагі свідруюць горы, Гідролагі шукаюць брод, І кожнаму — па дваццаць год. А нашы дочкі і сыны нам пішуць пісьмы з цаліны. Грахоўскі.

2. Тое, што і цалік. Снежная цаліна. □ Праваднік вядзе іх [партызан] патаемнымі мясцінамі, дзе малапрыкметнай сцежкай, а дзе проста цаліной. Кулакоўскі. — Вось зайчык бег, — паказаў Косцік, калі яны звярнулі з дарогі на цаліну, у кусты. Брыль.

3. перан. Недаследаваная, нявывучаная справа, галіна чаго‑н. Аўтар [Карпаў У.] узняў вельмі важную і некранутую ў беларускай літаратуры цаліну горадабудаўніцтва. Хадкевіч.

цалі́ннік, ‑а, м.

Той, хто асвойвае цалінныя землі; жыхар цаліны (у 1 знач.). Пакуль на поле не выехалі, прараб стараўся выкарыстаць кожнага цалінніка на будоўлі. Пальчэўскі. — Адсюль вось, — паказаў Іван Іванавіч рукой, — новая вуліца пойдзе... Як мы яе, цаліннікі, назавём? Даніленка.

цалі́нніца, ‑ы, ж.

Жан. да цаліннік.

цалі́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цаліны. Цалінная зямля. Цалінны край. □ А на Алтай цалінныя пласты Уздымаць і засяваць паехала ўжо моладзь. Панчанка.

2. перан. Некрануты даследаваннем, нявывучаны. Цётка адкрывала новыя тэмы, асвойвала цалінны жыццёвы матэрыял, абжывала нязведаныя сферы эстэтычнага. Ярош.

ца́лкам, прысл.

1. У поўным аб’ёме, ад пачатку да канца; не па частках, не часткова. Перадрукаваць артыкул цалкам. □ Дзядзька Марцін таксама зацікавіўся дубам, і ўдвух [з Лабановічам] пачалі яны даставаць яго. Дастаць цалкам ім было не пад сілу, прыйшлося пілаваць. Колас. Маёнтак захаваўся цалкам, і дом, і паркі, і сады, і ўся будоўля. Чорны. Рыгор зарабляў да трыццаці рублёў у лета; аддаваў грошы цалкам мацеры. Гартны. // У поўным складзе. — Першая эскадрылля цалкам перасела на новыя машыны. Алешка. [Бэсман:] Што падрыхтована? Якія роты? [Дамейка:] Мой батальён за намі пойдзе цалкам. Глебка.

2. Да канца, поўнасцю, зусім. Цалкам аддацца справе. □ Генадзь быў цалкам захоплены песняй. Кожны музычны такт яе, кожны радок.. ён паўтараў мо разоў па дзесяць і нібы смакаваў. Сабаленка. І сам той Пятрусь ці Сымон яшчэ не цалкам пазбыліся думкі, што гэта ўсё ж не калгасная кабыла, а яго. Брыль.

•••

Цалкам і поўнасцю — тое, што і поўнасцю, але з адценнем узмацнення.