Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

харашу́ха, ‑і, ДМ ‑шусе, ж.

Разм. Жан. да харашун.

харашы́цца, ‑рашуся, ‑рошышся, ‑рошыцца; незак.

Разм. Прыбірацца, прыхарошвацца. Сяргей раз-пораз паглядаў на Олю, якая харашылася за сталом, як пава, і давала волю свайму смеху. Пестрак.

харашы́ць, ‑рашу, ‑рошыш, ‑рошыць; незак., каго-што.

1. Разм. Надаваць больш прыгожы, прывабны выгляд. Раіса села напроці і маленькім напілачкам пачала харашыць пазногці. Лобан.

2. Абл. Чысціць; церабіць. Харашыць бульбу. □ Маня харашыла буракі, а .. [Тамаш] зайшоў з вуліцы ў двор.. Маня ўстала. Атрапала ад бацвіння падол спадніцы. Паўлаў.

харашэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

Станавіцца больш прыгожым, прывабным. І харашэе з году ў год Мой родны, вольны край. Русак. Калі [Анатоль] усміхаўся, паказваючы свае прыгожыя белыя зубы, надта харашэў з твару. Адамчык.

харва́т,

гл. харваты.

харва́тка,

гл. харваты.

харва́ты, ‑аў; адз. харват, ‑а, М ‑ваце, м.; харватка, ‑і, ДМ ‑тцы; мн. харваткі, ‑так; ж.

Паўднёваславянскі народ, які складае асноўнае насельніцтва Харватыі, што ўваходзіць у склад СФРЮ.

харва́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Харватыі, харватаў, які належыць, уласцівы ім. Харвацкая культура. Харвацкія балады.

хардо́метр, ‑а, м.

Спец. Прыбор для вымярэння таўшчыні струн.

[Ад грэч. chordē — струна і metreō — мераю.]

харкаві́нне, ‑я, н., зб.

Разм. Тое, што і харкі. [Дворнічыха] пачынае харкаць, мокра кашляць, адплёўваць харкавінне. Чорны.