Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хадо́к, хадака, м.

1. Той, хто ходзіць пехатой. І здаровае, крамянае надвор’е, і яркія цёплыя фарбы маглі б толькі радаваць і бадзёрыць нашых хадакоў. Якімовіч. // Асоба, якая паводле службовага або спартыўнага абавязку павінна многа хадзіць. Першы ішоў ляснік. За ім лёгкім крокам натрэніраванага хадака нячутна ступаў незнаёмец. Паўлаў. — Э, гэта недалёка! — быццам узрадаваўся стары. — Добры хадок да ночы дайшоў бы. Шамякін. // Разм. Той, хто пастаянна ходзіць па якіх‑н. справах. «Вось табе і хадок па судах», — успомніўшы тое, што сёння днём чуў пра Асмалоўскага, падумаў Сяргей з цеплынёй у душы. Сіўцоў.

2. Выбарная асоба, пасланая куды‑н. з даручэннем, хадайніцтвам. Вы ведаеце здарэнні, калі цар задавольвае просьбы. [Лабановіч:] — Але ці ведаеце вы такія здарэнні, калі цары высылалі хадакоў ад сялян у Сібір? А такія здарэнні былі. Колас. — Мяне сяляне паслалі да Леніна хадаком, з наказам, каб бальшавікі бралі ўладу. Гурскі.

•••

Не хадок куды — пра таго, хто больш не пойдзе, не хоча хадзіць. — Не, Ёсіп, з табою больш, я не хадок. Іду ў калгас угнаенні вазіць, — з нейкай асабліва вясёлай незалежнасцю паведаміў Макар. Дуброўскі.

хаду́лі, ‑яў; адз. хадуля, ‑і, ж.

1. Два шасты з высока прыбітымі прыступкамі, стаўшы на якія можна хадзіць вялікімі крокамі. Хлопцы навучылі мяне хадзіць на высокіх хадулях. Бядуля.

2. перан. Пра што‑н. напышлівае, высакамернае, ненатуральнае. Ты гаварыў як роўны з роўнымі, не ўздымаўся перад намі, пачаткоўцамі ў літаратуры, на алімпійскія хадулі. С. Александровіч. Амаль у кожным з.. [вершаў] можна знайсці пэўную «жывінку», настрой, трапную дэталь, але яны губляюцца ў мностве збітых, пастаўленых на хадулі прыёмаў. Грахоўскі.

3. перан. Разм. Доўгія ногі. — Далекавата, — паморшчыўся.. [Васіль]. — А ісці такою гарачынёю... Міхась засмяяўся: — Каму далекавата, а табе з тваімі хадулямі... Якімовіч.

хаду́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць хадульнага. Любая рэгламентацыя і схема робяць вобраз мёртвым, прыводзяць да скажэння жыццёвай праўды, да фальшывай рыторыкі, хадульнасці, дыдактычнай павучальнасці. Дзюбайла. Пры ўсёй хадульнасці і рытарычнасці некаторых вершаў, кніжка.. [А. Александровіча «Па беларускім бруку»] сведчыла, што ў беларускую паэзію прыйшоў арыгінальны і самабытны паэт. «Полымя».

хаду́льны, ‑ая, ‑ае.

Залішне напышлівы, ненатуральны, пазбаўлены арыгінальнасці. Пафас пісьменніка [І. Навуменкі] не здаецца штучным, хадульным, бо ён сагрэт шчырай і разумнай аўтарскай усмешкай. Гіст. бел. сав. літ. Атрымалася не байка, а ілюстрацыя, у якой дзейнічае ўмоўная, хадульная істота, прымушаная замяняць паклёпніка. Казека.

хаду́н, ‑а, м.

Дэталь машыны, механізма, якая знаходзіцца ў пастаянным руху. А ці чуеце вы ў .. дыханні [паравіка] стомленасць або непаладак які? Шых-шах, шых-шах, — спявае проста ў ім кожны хадун, а кацёл, глядзіце, аж ільсніцца ўвесь ад вялікай сваёй сілы. Краўчанка. А гадзіннік на сцяне несупынна вёў сваю справу: размерна ківаўся хадун-маятнік і кожны свой крок зазначаў кароткім «так-так!» Колас.

•••

Ні хадун ні сядун — пра няўдалага, нерухавага чалавека.

Хадзіць хадуном гл. хадзіць.

хадункі́, ‑оў; адз. хадунок, ‑нка, м.

Прыстасаванне са злучаных між сабой слупкоў (звычайна на колцах) для дзіцяці, якое вучыцца хадзіць. Той дзень Міхалінка хадзіла ў адмысловых хадунках на маленькіх калёс[ік]ах. Сабаленка.

хадуны́, ‑оў; адз. няма.

Разм. Тое, што і хадункі.