Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

упакава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.

1. Сабраць свой багаж, свае рэчы, звязаўшы іх у пакункі, цюкі, злажыўшы ў чамадан і пад. Упакавацца перад ад’ездам.

2. Умясціцца, улажыцца ў што‑н. Усе рэчы ўпакаваліся ў чамадан.

упакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што і без дап.

Улажыць, злажыць рэчы ў якую‑н. тару; спакаваць. Кожны хоча даць сваю параду: як і што лепш упакаваць, што пакласці на дно, а што зверху, каб не пацерлася. Шыловіч. — Як добра, што ты нідзе не затрымалася, — сустрэла Кацю Аўдоцця Сямёнаўна. Яна старанна забівала скрынку цвікамі. — Вось упакую і раскажу, што і да чаго. Гаўрылкін. // Умясціць поўнасцю што‑н. Усе.. рэчы я акуратна ўпакаваў у дарожную пляцёнку і ў поўдзень сеў на цягнік. Лупсякоў.

упако́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ўпакоўкі (у 1 знач.). Упаковачны цэх. // Які прызначаны, служыць для ўпакоўкі. Упаковачная машына. Упаковачная папера. Упаковачная тканіна.

упако́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. упакоўваць — упакаваць.

упако́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да упакавацца.

2. Зал. да упакоўваць.

упако́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да упакаваць.

упако́ўка, ‑і, ДМ ‑коўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. упакоўваць — упакаваць; вынік такога дзеяння. Упакоўка рэчаў у чамаданы. Упакоўка гатовых вырабаў.

2. Р мн. ‑ковак. Матэрыял, у які што‑н. упакавана; тара. Упакоўка з цэлафану. Кардонная ўпакоўка. □ На ўпакоўцы — белай шурпатай паперы — красавалася слова «Казбек». М. Ткачоў.

упако́ўшчык, ‑а, м.

Работнік, які займаецца ўпакоўкай (у 1 знач.).

упако́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да упакоўшчык.

упалаві́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Разм. Зменшыць напалавіну.