укро́іць, укрою, укроіш, укроіць; зак.
1. што. Уставіць кусок якога‑н. матэрыялу ў раскрой чаго‑н.
2. чаго. Адрэзаць (звычайна хлеба). Укроіць хлеба.
укро́йвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да укройваць.
укро́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да укроіць (у 1 знач.).
укру́г, прысл. і прыназ.
Абл.
1. прысл. Кругом, вакол. Раз бяседа вялікая ў князя была: На пасад дачку княжну садзілі; За сталом він заморскіх крыніца цякла, Бегла музыка ўкруг на паўмілі. Купала.
2. прыназ. з Р. Вакол чаго‑н. Няяркая, маленькая вясёлка Укруг месяца ледзь бачна зіхаціць. Багдановіч.
укругаву́ю, прысл.
1. Па кругу, у кругавым напрамку. — Дай, божа... На здароўе.. — з шумам адказалі ўсе, і чарка пайшла ўкругавую. Пестрак. Шырока расставіўшы ногі, Шаховіч пачаў ўкругавую ганяць ручку. Машына не заводзілася. Мяжэвіч.
2. У цэлым і прыблізна, на круг. Заданне брыгада выконвае ўкругавую штодня на 110–125 працэнтаў. Васілевіч. [Васіль:] — У наступным годзе — на першы план ураджай. Чаго б гэта ні каштавала, а давесці да даваеннага — дванаццаць цэнтнераў ўкругавую. Потым з года ў год павышаць. Шамякін.
укружка́, прысл.
Разм. Невялікім кругам, утвараючы невялікі круг.
укруту́ю, прысл.
Крута, да цвёрдага стану (пра спосаб варкі яец).
укруці́цца, укручуся, укруцішся, укруціцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Круцячыся, увайсці ў сярэдзіну чаго‑н. Шруба лёгка ўкруцілася. // перан. Разм. Улезці, усунуцца куды‑н. [Маці:] — Ён [Рапецкіх сын] табе, як вуж, усюды ўкруціцца, што хочаш дастане. Карпюк.
2. Захутацца ў што‑н., абматацца чым‑н. Пад альховым кустом, укруціўшыся ў старую дзіравую коўдру, ляжаў .. невялічкага росту чалавек. Чарот. Мы абуліся, адзеліся, укруціліся хусткамі. Лось.
3. Круцячыся, наматацца на што‑н. Лейцы адчапіліся ад лёстак, укруціліся ў пярэдняе кола. Сабаленка.
укруці́ць, укручу, укруціш, укруціць; зак., каго-што.
1. Круцячы што‑н., уставіць, уціснуць у сярэдзіну чаго‑н. Укруціць лямпачку ў патрон. □ [Ванька] шпурнуў пад ногі недакурак, укруціў яго абцасам у пясок. Місько.
2. Захутаць, завінуць у што‑н. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнку і пачала забаўляць. Даніленка. [Жанчына:] — Ды абед, пэўна, астыў, хоць я яго ўкруціла і паставіла ў стог. Гурскі. // Абматаць чым‑н. Замест замка .. [Антон] укруціў дротам клямку і рушыў з двара. Чорны.
3. Убавіць, прыкруціць што‑н. Дзядзька Пракоп укруціў кнот лямпы, і ў зале як бы змерклася. Сабаленка.
4. Уматаць у што‑н. Укруціць канец вяроўкі ў кола.
5. Разм. Махлюючы, прысвоіць сабе што‑н. чужое, не аддаць чаго‑н. узятага, пазычанага. У закусачнай сапраўды кралі .. Касіры .. рабілі падробкі ў ведамасцях, калі здавалі грошы, каб укруціць і сабе. «Вожык».
укру́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад укруціць.