Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тэ́хнікумаўскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да тэхнікума; належыць яму. Тэхнікумаўскі інтэрнат. □ Распрануты да паясніцы, я шыбаваў па вясковай вуліцы і з удзячнасцю ўспамінаў тэхнікумаўскага выкладчыка фізвыхавання. Нядзведскі.

тэхніцы́зм, ‑у, м.

Кніжн.

1. Празмернае захапленне тэхнічным бокам якой‑н. справы на шкоду яе сутнасці. Голы тэхніцызм.

2. Празмерны ўхіл у бок паказу тэхнікі, вытворчасці, машын у мастацкіх творах.

тэхні́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм.

1. Работніца, якая прыбірае памяшканне; прыбіральшчыца. З вучнямі, якія дрэнна займаліся па мове,.. [настаўніца] заставалася пасля ўрокаў у якім-небудзь класе, выклікаючы нездавальненне тэхнічак, якія не маглі падмесці клас і пайсці хутчэй дадому. Ермаловіч.

2. Машына тэхнічнай дапамогі. Прыехала тэхнічка і паправіла электралінію.

тэхні́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць тэхнічнага (у 7 знач.). Тэхнічнасць гульні футбольнай каманды.

тэхні́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тэхнікі (у 1 знач.), звязаны з ёй. Тэхнічныя праблемы. Тэхнічны прагрэс. Тэхнічная рэканструкцыя народнай гаспадаркі. // Які звязаны з вывучэннем, пашырэннем і навуковай распрацоўкай тэхнікі; які абумоўлівае гэтыя працэсы. Тэхнічныя навукі. Тэхнічныя веды. Тэхнічная літаратура. Тэхнічная інфармацыя. // Які заняты, працуе ў галіне тэхнікі. Тэхнічная інтэлігенцыя.

2. Які мае адносіны да тэхнікі (у 2 знач.), звязаны з абслугоўваннем, захаваннем, выкарыстаннем і эксплуатацыяй яе. Тэхнічныя навыкі. Тэхнічныя прыёмы.

3. Які мае адносіны да работы машын і механізмаў, звязаны з працэсам вытворчасці чаго‑н. Тэхнічныя магчымасці станка. Тэхнічныя патрабаванне Тэхнічная дакументацыя. // Звязаны з абслугоўваннем тэхнікі якой‑н. вытворчасці. Тэхнічная служба. Тэхнічны аддзел. Тэхнічны склад.

4. Які падлягае выкарыстанню або апрацоўцы ў прамысловасці. Тэхнічныя культуры. Тэхнічная вада. Тэхнічнае масла.

5. Які выконвае розныя дапаможныя работы ў якой‑н. справе. Тэхнічны сакратар. Тэхнічныя работнікі сцэны.

6. Які абазначае спецыяльнае паняцце, што адносіцца да якой‑н. галіны тэхнікі і навукі; прафесіянальны (пра слова, выраз). Тэхнічны тэрмін.

7. Які вылучаецца высокай тэхнікай, майстэрствам (пра спорт, мастацтва). Тэхнічны баксёр.

•••

Тэхнічны кантроль — нагляд за якасцю прамысловай прадукцыі, за адпаведнасцю яе ўстаноўленым стандартам.

Тэхнічны мінімум — сукупнасць ведаў у якой‑н. галіне, неабходныя для рабочага адпаведнай спецыяльнасці.

Тэхнічная норма — норма выпрацоўкі, якая ўстанаўліваецца з улікам забеспячэння тэхнікай і ўмоў працы.

Тэхнічны рэдактар — рэдактар, які ведае паліграфічным афармленнем кнігі, газеты і пад.

Тэхнічны савет — кансультатыўны орган па пытаннях тэхнікі (пры міністэрстве, навукова-даследчым інстытуце, канструктарскім бюро).

тэхно́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст па тэхналогіі ў якой‑н. галіне вытворчасці. Інжынер-тэхнолаг. Тэхнолаг-хімік. Тэхнолаг-тэкстыльшчык. □ Ля станка сабраліся тэхнолагі, інжынеры, тэхнікі. Зараз пачнецца выпрабаванне. Асіпенка. Канструктары і тэхнолагі завода ўпорна працуюць над паляпшэннем эксплуатацыйных якасцей. «Беларусь». // Разм. Студэнт тэхналагічнага інстытута.

тэхперсана́л, ‑у, м.

Работнікі, якія абслугоўваюць тэхнічны бок якой‑н. вытворчасці, прадпрыемства, установы і пад. Тэхперсанал тэатра.

тэхпрапага́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Прапаганда тэхнічных ведаў, вопыту, папулярызацыя дасягненняў навукі і тэхнікі.

тэхрабо́тнік, ‑а, м.

Работнік, які выконвае тэхнічную (не адказную) працу.

тэхрабо́тніца, ‑ы, ж.

Жан. да тэхработнік.