Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нуклеі́н, ‑у, м.

Арганічнае рэчыва, багатае фосфарам; змяшчаецца ў клетачных ядрах.

[Лац. nucleus — ядро (плода).]

нуклеі́навы, ‑ая, ‑ае.

У выразе: нуклеінавыя кіслоты — палімеры біялагічнага паходжання.

нукло́н, ‑а, м.

Агульная назва часцінак атамнага ядра (пратона і нейтрона).

ну́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., на каго і без дап.

Разм. Аднакр. да нукаць.

нулёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы; Р мн. ‑лёвак; ж.

Разм.

1. Машынка для стрыжкі нагала.

2. Падрыхтоўчы клас пры пачатковай школе да 1926 года.

3. м. і ж. Вучань (вучаніца) такога класа.

нуліфікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак., што.

Кніжн. Пазбавіць (пазбаўляць) сілы, усякага значэння; ануляваць. Нуліфікаваць папяровыя грошы.

[Ад лац. nullus — ніякі і facere — рабіць.]

нуліфіка́цыя, ‑і, ж.

Кніжн. Дзеянне паводле знач. дзеясл. нуліфікаваць.

нуль, ‑я, м.

1. Лічбавы знак «О», які абазначае адсутнасць велічыні (дабаўлены справа ад лічбы ўдзесяцярае яе).

2. Умоўная велічыня, ад якой пачынаецца вылічэнне падобных ёй велічынь (тэмпературы, часу і пад.). Сярэдняя тэмпература года ніжэй нуля.

3. перан. Пра што‑н. вельмі малое, нікчэмнае. Коска для .. [Мікалая] нічога не значыла — нуль, не больш. Якімовіч.

4. перан. Разм. Пра чалавека, які не мае ніякага значэння.

•••

Абсалютны нуль — тэмпература −273,16°C, пры якой спыняецца хаатычны цеплавы рух малекул у целе; самая нізкая магчымая тэмпература.

Звесці да нуля гл. звесці.

Нуль увагі — ніякай увагі.

[Ад лац. nullus — ніякі.]

нулявы́, ‑ая, ‑ое.

Які раўняецца нулю (у 1, 2 знач.). Нулявая ступень. Нулявая тэмпература. Нулявы канчатак слова.

•••

Нулявая стрыжка гл. стрыжка.

Нулявы ўзровень гл. узровень.

ну́мар, ‑а, м.

1. Парадкавы лік прадмета ў радзе яму падобных. Нумар аблігацыі. □ Кудзіны займалі кватэру нумар два. Хадкевіч. Лугавец падышоў да тэлефона, назваў нумар. Краўчанка.

2. Прадмет, абазначаны пэўным лікам па парадку. Апошні нумар часопіса. □ Вялікую радасць перажыў Лабановіч, калі яму прыслалі першы нумар першай беларускай газеты. Колас.

3. Жэтон, планка, ярлык і пад. з адбіткам або малюнкам лічбы. Цяпер.. [Вера] павінна была прыходзіць раней за ўсіх, выносіць з будкі дошку з жэтонамі, і рабочыя, прыходзячы на работу, здымалі кожны свой нумар. Мікуліч. Падвешаны над брамаю нумар паказваў на дом, у якім жыла Ганна. Гартны.

4. Размер адзення, абутку і інш. Трыццаты нумар нітак. □ [Гаспадар:] — У чаравіках толькі па бруку шпацыраваць. Які вы нумар носіце? Новікаў.

5. Асобны пакой у гасцініцы, лазні і пад. Акно шырока раскрыта, а ў нумары [гасцініцы] душна і горача. В. Вольскі.

6. Асобнае закончанае выступленне артыстаў (у тэатры, на канцэрце і пад.). З вольнымі нумарамі выступалі Ліда і Наташа Гоман. Шамякін. Перад самым пачаткам у партэры прайшлі чуткі, што ў праграме канцэрта ёсць вельмі цікавы нумар. Самуйлёнак.

7. перан. Разм. Які‑н. нечаканы, дзіўны ўчынак. Няўжо.. Габрусь здольны выкінуць такі нумар? Шынклер.

8. Баец гарматнага, кулямётнага і пад. разліку. Першы нумар разліку, малады сілезскі шахцёр Ян Філец, — найлепшы кулямётчык батальёна. Брыль.

[Ад лац. numerus — лік.]