Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кро́іць, крою, кроіш, кроіць; незак., што.

1. Разразаць (матэрыю, шкуру, футра і пад.) на кавалкі пэўнай формы і памеру, каб пашыць, зрабіць з іх што‑н. Кроіць аўчыну. Кроіць бляху. □ Не спіць яшчэ мая старая маці: Мне на кашулю кроіць палатно. Зарыцкі. // Выразаць па мерцы часткі чаго‑н. Кроіць сукенку. Кроіць касцюм.

2. без дап. Займацца кройкай. Сам кравец спачатку кроіў, заглядаў на ўсе драбніцы. А цяпер сваёй рукою хлопец кроіць, не баіцца... Дубоўка.

3. Адразаць часткі, кавалкі ад цэлага або разразаць на кавалкі чым‑н. вострым. Кроіць лыка. □ Гаспадар, не спускаючы вачэй з Вэні, кроіў хлеб. Чорны. // перан. Разрываць, разразаць цемру, цішыню і пад. (пра яркае святло, гукі). Начныя агні паблісквалі то прыветнымі светлячкамі, то кроілі цемру.. снапамі сваіх фар. Паслядовіч.

4. перан. Разм. Прычыняць каму‑н. душэўны боль. Глыбокая.. крыўда кроіць яму сэрца. Гарэцкі.

крой, ‑ю, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. кроіць (у 1–3 знач.); кройка.

2. Спец. Фасон, пакрой. Апрануты .. [Жан] быў у новенькі, адпрасаваны, моднага крою карычневы касцюм. Новікаў.

кро́йка, ‑і, ДМ кройцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. кроіць (у 1–3 знач.).

крок, ‑у, м.

1. Адзін рух нагой уперад, назад або ўбок, а таксама рух адной нагой уперад пры хадзьбе, бегу. Ступіць крок уперад. □ Байкоў усхапіўся з месца, зрабіў крок да дзвярэй. Шамякін. // толькі мн. (кро́кі, ‑аў). Гукі, якія ўтвараюцца пры такіх рухах. Лабановіч пастукаў. У глыбі кватэры зараз жа грукнула крэслаў і пачуліся крокі. Колас.

2. толькі адз. Тэмп руху пры хадзьбе (звычайна ў спалучэннях: «паскорыць крок», «суцешыць крок», «прыпыніць крок» і пад.). Праваднік прыкметна прыбавіў кроку, мы ледзь паспявалі за ім. Анісаў. // Пэўны від хадзьбы, руху. Спартыўны крок. Страявы крок.

3. перан.; з азначэннем. Дзеянне, учынак. Рашучы крок. □ [Лютынскі:] Кожны няправільна зроблены намі крок сурова асудзіць гісторыя. Крапіва.

4. перан. Этап у развіцці чаго‑н. Новы крок у асваенні космасу. □ Вялікія крокі гісторыі складаюцца з асобных чалавечых намаганняў. «Звязда».

5. Адлегласць паміж ступнямі ног пры хадзьбе як мера даўжыні. Змераць крокамі пакой. □ У двух кроках ад сябе нічога нельга было ўбачыць. Лынькоў.

•••

Гіганцкія крокі — прыстасаванне для гімнастычнай гульні ў выглядзе слупа з круцёлкай наверсе, да якой прымацаваны доўгія вяроўкі з лямкамі; седзячы ў лямках, гуляючыя разбягаюцца і, узлятаючы, кружацца вакол слупа.

Адзін крок ад чаго — зусім блізка.

За два (тры і пад.) крокі ад каго-чаго — паблізу, побач.

Крок за крокам — а) паступова, няўхільна. Так крок за крокам упарта і настойліва ішоў.. [Серакоўскі] да сваёй запаветнай мэты — панесці сакрушальны ўдар па шпіцрутэну. Якімовіч; б) паслядоўна, адно за другім. Спасылаючыся на запісы ў дзённіку, Максім Лужанін крок за крокам узнавіў гісторыю стварэння «Адплаты». Казека.

Крок наперад — пра тое, што з’явілася дасягненнем, прагрэсам у якой‑н. справе.

Крок у крок — тое, што і нага ў нагу (гл. нага).

Кроку не ступіць без каго-чаго гл. ступіць.

На кожным кроку — усюды і пастаянна.

Не даваць кроку ступіць гл. даваць.

Ні на крок — а) ад каго-чаго нават на самую кароткую адлегласць (не адыходзіць, не адставаць). Антон не адставаў ад.. Амілі ні на крок. Чорны; б) ад каго-чаго нават на самы кароткі час, на маленькі тэрмін (не адпускаць, не адлучацца). — Толькі цяпер цябе ні на крок ад сябе не адпусцім. «Звязда»; в) ніколькі не пасунуцца, не зрушыцца; не пасунуць, не зрушыць і пад. Справа не пасунулася ні на крок.

Першы крок — самы пачатак пачатковы перыяд якіх‑н. дзеянняў або якой‑н. дзейнасці.

Сямімільнымі крокамі — вельмі хутка (развівацца, пасоўвацца і пад.). Сівецкі сельсавет ішоў сямімільнымі крокамі да суцэльнай калектывізацыі. Зарэцкі.

Што ні крок — скрозь, усюды.

крокаме́р, ‑а, м.

Кішэнны прыбор для вымярэння адлегласці ў кроках.

кро́ква, ‑ы, ж.

Два брусы, верхнімі канцамі злучэння пад вуглом, а ніжнімі прымацаваныя да бэлек або да верхняга вянца падоўжных сцен. // толькі мн. (кро́квы, ‑аў) Аснова для страхі, утвораная з раду злучаных такім чынам брусоў. [Зруб] пакрыўся сеткай крокваў і лат. Брыль. Калгасныя цесляры паспелі паставіць толькі зруб і кроквы ды пакласці столь над адным пакоем. Мележ.

кро́квенны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кроквы, крокваў. Кроквенная бэлька.

кро́квіна, ‑ы, ж.

Адзін з двух брусоў, якія ўтвараюць крокву. Хата пачынае набываць выгляд: падняліся сцены, прарэзаліся вокны, дзверы. Зверху спляліся кроквіны. Навуменка.

кро́кус, ‑у, м.

1. Травяністая паўднёвая расліна сямейства касачовых; шафран (у 1 знач.).

2. Парашок вокісу жалеза шафранавага колеру, які скарыстоўваюць для паліроўкі шкла, металаў і пад.

[Лац. crocus.]

кроль, ‑ю, м.

Найбольш хуткі спосаб плавання з пераменнай работай ног і рук.

[Англ. crawl.]