Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кра́жысты, ‑ая, ‑ае.

Тоўсты, каржакаваты (пра дрэва, палена). Кражыстыя хвоі, карава-разложыстыя дубы і ясені хавалі ад панскага вока грамаду людзей, якая ўцякла сюды з вёсак. Нікановіч.

краі́на, ‑ы, ж.

1. Мясцовасць, тэрыторыя, край (у 2 знач.). Горкая краіна. Цёплыя краіны. Азёрная краіна. □ Я моцна-моцна звязан з вамі, Малюнкі роднае краіны! Колас.

2. Дзяржава. Сацыялістычныя краіны. Капіталістычныя краіны. □ Краіна родная, Савецкая краіна, Табе я ў песнях сэрца аддаю. А. Александровіч.

край 1, ‑ю, м.

1. Канечная лінія, якая абмяжоўвае якую‑н. паверхню, а таксама частка паверхні, што прылягае да гэтай лініі. Край стала. Край неба. □ Маша падышла, села на край ложка, палажыла руку на яго [Васілёву] галаву. Шамякін. Сымон Карызна выйшаў наперад, на самы край сцэны. Зарэцкі. / Пра канечную частку адзення, матэрыі і пад. Абрубіць краі хусцінкі. □ Даўгі бабчын андарак цягнуўся краем па падлозе. Мележ. // Самая аддаленая ад цэнтра частка чаго‑н.; ускраіна. Дом, дзе жыў Міхалка, стаяў на краі горада. Колас. Будынак урачэбнага ўчастка стаяў на краі вёскі. Шамякін. // Верхні абрэз сценак пасудзіны; верх якога‑н. паглыблення. Да самых краёў сырадой Запеніцца ў звонкай даёнцы. Аўрамчык. Калі [Зося] пачала піць, зубы дробна застукалі аб край шклянкі. Хомчанка.

2. Вобласць, мясцовасць, што вылучаюцца па якой‑н. характэрнай прымеце. Палескі край. Партызанскі край. Родны край. □ Паўночную частку Беларусі .. называюць краем блакітных азёр. В. Вольскі.

3. Буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў СССР. Краснаярскі край, Прыморскі край.

•••

Пярэдні край — першая лінія размяшчэння агнявых пазіцый пяхоты ў раёне баявых дзеянняў.

Біць (ліцца) цераз край гл. біць.

З краю ў край; з краю да краю; ад краю да краю — па ўсіх напрамках, з канца ў канец.

Канца-краю не відаць (няма) гл. відаць.

Краем вока — мімаходам, вельмі кароткі час (бачыць каго‑, што‑н.).

Краем вуха — а) выпадкова, мімаходам (чуць пра каго‑, што‑н.); б) няўважліва, урыўкамі (слухаць каго‑н.).

Край свету — вельмі далёка.

Мая хата з краю гл. хата.

На краі гібелі (магілы) — у непасрэднай блізкасці са смяртэльнай небяспекай (быць, знаходзіцца і пад.).

На краі свету (зямлі) — дзе‑н. вельмі далёка.

На край свету — куды‑н. вельмі далёка, абы-куды (пайсці, пабегчы і пад.).

Непачаты край чаго — вельмі многа, без ліку. Непачаты край работы.

Хапіць цераз край гл. хапіць.

Цераз край — у вялікай колькасці, з лішкам. А хараства, а пекнаты — аж цераз самы край бывала. Дубоўка.

край 2, прыназ. з Р.

Разм. Каля, ускрай. Сядзець край стала.

край...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «краявы», напрыклад: крайком, крайвыканком.

кра́йнасць, ‑і, ж.

1. Празмернае праяўленне чаго‑н., крайняя ступень чаго‑н. Крайнасці ў поглядах. □ — У цябе, брат, усё крайнасці, няхай ты згары, — заўважыў са смехам Садовіч. Колас.

2. перан. Што‑н. зусім непадобнае на іншае, процілеглае іншаму. Кідацца з адной крайнасці ў другую. □ Нездарма кажуць, што крайнасці сходзяцца, розныя полюсы прыцягваюць адзін другі. Кучар.

3. Вельмі цяжкае і небяспечнае становішча. Давесці да крайнасці.

•••

Да крайнасці — вельмі, надзвычайна, у вышэйшай ступені. Брыгада знаходзілася ў бесперапынных баях і паходах і сілы яе былі напружаны да крайнасці. Шамякін.

кра́йне, прысл.

Вельмі, надзвычайна. Крайне важны. Крайне неабходна.

кра́йні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца з краю, на краі. У канцы вёскі хлопчык звярнуў у крайні двор і пастукаў у шыбу. Сіняўскі. // Найбольш аддалены (у якім‑н. напрамку). Крайняя поўнач. Крайні населены пункт на поўдні.

2. Надзвычайны, выключны. Крайняя неабходнасць. Прыняць крайнія меры.

3. Найбольш радыкальны, рашучы, непрымірымы (пра погляды, напрамкі, палітычныя групоўкі і пад.). Крайні левы. Крайні правы. Крайнія супярэчнасці. Крайні лібералізм. □ Мікола, які заўсёды выказваў самыя крайнія погляды, насупліваўся і змаўкаў. Навуменка.

4. Які далей нельга адкладваць, пераносіць; апошні (пераважна пра час). Крайні тэрмін.

•••

У крайнім выпадку гл. выпадак.

кракавя́к, ‑а, м.

Польскі нацыянальны танец, а таксама музыка да гэтага танца. Танцаваць кракавяк. □ Калі ж зайграў аркестр кракавяк, вялікі зал клуба закруціўся мяцеліцай рознакаляровай вопраткі. Скрыпка.

[Польск. krakowiak.]

кракадзі́л, ‑а, м.

Буйны паўзун з тоўстай панцырнай скурай, які водзіцца ў вадаёмах трапічных краін. Нільскі кракадзіл.

[Грэч. krokodeilos.]

кракадзі́лавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кракадзіла; зроблены са скуры кракадзіла. Кракадзілавы акварыум. Кракадзілавая сумка.