Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кні́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Тое, што і кніга (у 1, 2 знач.). Цікавая кніжка.

2. Дакумент у выглядзе сшытых разам некалькіх лісткоў з тэкстам і месцам для афіцыйных адзнак. Працоўная кніжка. Ашчадная кніжка.

3. Адзін з чатырох аддзелаў страўніка жвачных жывёл, слізістая абалонка якога ўтварае складкі, падобныя на лісты паўразгорнутай кнігі.

•••

Заліковая кніжка — кніжка студэнта, у якую запісваюць звесткі аб здачы экзаменаў, залікаў, праходжанні практыкі і інш.

кні́жнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць кніжнага (у 2, 3 знач.). Кніжнасць мовы. Кніжнасць ведаў.

2. Друкарская справа, кнігадрукаванне. Уплыў Скарыны на ўсходнеславянскую кніжнасць.

кні́жнік, ‑а, м.

1. Знавец і любіцель кніг. Абодва яны — Іван і Нупрэй — вялікія кніжнікі. Таму і цягнецца да іх Міця, пагарджаючы дружбай тых хлопцаў, якія вучацца разам з ім. Навуменка. // Іран. Пра адарванага ад жыцця чалавека, які кіруецца ў сваёй дзейнасці ведамі, набытымі з кніг.

2. Уст. Перапісчык або друкар; выдавец кніг.

кні́жніца, ‑ы, ж.

Жан. да кніжнік.

кні́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да кнігі (у 1 знач.), звязаны з кнігай. Кніжны гандаль. Кніжная вокладка. // Прызначаны для кніг. Кніжная шафа. Кніжная паліца. // Які гандлюе кнігамі. Кніжны кіёск. Кніжны магазін.

2. Пачэрпнуты з кніг, не падмацаваны жыццёвым вопытам. Кніжныя веды. Кніжная мудрасць.

3. Характэрны для пісьмовага літаратурнага тэксту. Кніжны выраз. Кніжная мова. Кніжны стыль.

•••

Кніжная палата гл. палата.

кні́жыца, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і кніга (у 1, 2 знач.). — Загадайце кніжыцу прынесці, дзе ў вас хворыя прапісваюцца. Лынькоў.

кні́ксен, ‑а, м.

Уст. Рэверанс (у 1 знач.).

[Ням. Knichsen.]