квакта́нне і квахта́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. квактаць, квахтаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. З усіх бакоў чуцён быў мышыны піск, квактанне жаб, шапаценне. Мурашка. Падыходзячы да сасняку, мы пачулі квахтанне глушцоў, пачулі, як яны пералятаюць з месца на месца — верныя адзнакі такавішча. Гавеман.
квакта́ць, квакчу, квокчаш, квокча і квахта́ць, квахчу, квохчаш, квохча; незак.
Ствараць кароткія адрывістыя гукі (пра курыц-квактух і некаторых іншых птушак). Каля варот сакаталі куры, пераграбаючы канюшынную пацяруху, і адна, надзьмутая і сярдзітая, упарта квактала, расплывалася па пяску гарачым валлём. Чорны. Цішыня, толькі дзесьці квахтала курыца ды рохкалі ў хляве свінні. Хомчанка. // перан. Бурчаць, прыгаворваць. Старая квокча. □ Паклаўшы рукі на жывот, Шчасліва мама квокча: Загналі шмат мы ўсе нягод, Няхай міне іх хлопчык. Звонак.
квакту́ха і квахту́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.
Курыца, якая выседжвае або водзіць куранят. Квактуха голасна квактала, А кураняткі чарадою Паслушна ўсюды йшлі за ёю. Колас. Вясною маці пазычыла некалькі густых яец і пасадзіла ў рэшаце квактуху. Грамовіч.
ква́кша, ‑ы, ж.
Лягушка сямейства бясхвостых земнаводных, якая жыве пераважна на дрэвах; дрэвавая лягушка.
квалітаты́ўны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Якасны. Квалітатыўныя змены.
[Лац. qualitativus ад qualitas — якасць.]
кваліфікава́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае кваліфікацыю (у 2 знач.); умелы, вопытны. Кваліфікаваны рабочы. Кваліфікаваны ўрач. // Выкананы, зроблены ўмела, з веданнем справы. Кваліфікаваны пераклад. // Які патрабуе спецыяльных ведаў, падрыхтоўкі. Кваліфікаваная праца.
кваліфікава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак. і незак.
1. Атрымаць (атрымліваў) кваліфікацыю (у 3 знач.).
2. толькі незак. Зал. да кваліфікаваць.
кваліфікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак., каго-што.
1. Вызначыць (вызначаць), ацаніць (ацэньваць) якасць або ступень вартасці каго‑, чаго‑н. // Характарызаваць прадмет, адносіць яго да пэўнай групы. Кваліфікаваць злачынства.
2. Устанавіць (устанаўліваць) ступень падрыхтаванасці, годнасці да якой‑н. працы. Кваліфікаваць ступень падрыхтаванасці рабочых.
[Ням. qualifizieren.]
кваліфікацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які вызначае, устанаўлівае кваліфікацыю (у 2 знач.). Кваліфікацыйная камісія.
кваліфіка́цыя, ‑і, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. кваліфікаваць.
2. Ступень годнасці, падрыхтаванасці да якой‑н. працы. Рабочы сярэдняй кваліфікацыі. Спецыяліст высокай кваліфікацыі. Павышаць кваліфікацыю.
3. Прафесія, спецыяльнасць. Набыць кваліфікацыю. □ Каб добра, якасна будаваць, трэба, каб у брыгадзе былі людзі некалькіх кваліфікацый: цесляры, муляры, тынкоўшчыкі. Кулакоўскі.
[Ад лац. qualis — якой якасці і facere — рабіць.]