Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жаўтазём, ‑у, м.

Лёгкая гліністая глеба светла-жоўтага колеру, якая сустракаецца ў зоне субтропікаў; лёс.

жаўтако́рань, ‑ю, м.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства казяльцовых, з мясістых каранёў якой здабываюць сродак для спынення крыві.

жаўтакру́г, ‑у, м.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства складанакветных з жоўтымі кветкамі, сабранымі ў суквецце.

жаўтакры́лы, ‑ая, ‑ае.

З жоўтымі крыламі. Жаўтакрылы певень.

жаўталі́ст, ‑у, М ‑сце, м., зб.

Пажоўклае асенняе лісце. Асабліва я любіў гэта месца ўвосень, калі тут з клёнаў і ліп ападаў жаўталіст і, кружачыся ў паветры, мякка слаўся на дол. Сабаленка.

жаўталі́сты, ‑ая, ‑ае.

З жоўтым лісцем. Толькі захісталіся верхавінкі жаўталістых бярозак там, дзе прабеглі хлапчукі. Ваданосаў.

жаўталі́сце, ‑я, н., зб.

Тое, што і жаўталіст. Трывожна шапацела, падаючы з клёнаў, мокрае жаўталісце. Хадкевіч. Стоячы каля акна і пазіраючы на туманныя палі, на жаўталісце прыдарожных бяроз, Алесь успамінаў родныя пералескі. Хведаровіч.

жаўтапёры, ‑ая, ‑ае.

Які мае жоўтае апярэнне. Жаўтапёрыя івалгі.

жаўтапу́зік, ‑а, м.

Бязногая змеепадобная яшчарка жоўта-бурага і чырванавата-бурага колеру.

жаўтаро́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З жаўтаватай дзюбай, з жаўцізной вакол дзюбы (пра птушанят). У гняздзе былі жаўтаротыя птушаняты. Лынькоў.

2. перан. Разм. Пра маладога нявопытнага чалавека. З тыдзень я абіваў парогі розных майстэрняў, фабрык і заводаў, гатовы пайсці на любую работу, але паглядзяць на мяне — і адмаўляюць. Жаўтароты. Гурскі. Хлопцы, дзяўчаты, што згрудзіліся ля вас, жаўтаротая, зялёная моладзь. Навуменка.