дрыго́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.
Разм.
1. Тое, што і дрыжыкі. З дрэў усё часцей і часцей кроплямі падала вада, і дрыготка ўсё больш ахапляла цела. Галавач. У самога Кірэя дрыготка б’е цела — ці то ад ранішняй свежасці, ці ад нервовай напружанасці. Дамашэвіч.
2. Перарывістасць (у голасе, гуках). Дрыготка ў голасе.
дрыго́ткі, ‑ая, ‑ае.
Які ўздрыгвае, дрыжыць; мігатлівы, трапяткі. Дрыготкія пальцы. Дрыготкі голас. Дрыготкае святло. □ Яны стаялі ў дрыготкім кузаве, успёршыся на шэры брызент кабіны. Брыль.
дрыжа́ка, ‑і, ДМ ‑жацы, ж.
Абл. Дрыжыкі. Нервовая дрыжака прабірала ўсё цела, і.. [Пятрусь] змаўкаў. Нікановіч.
дрыжа́льны, ‑ая, ‑ае.
Які суправаджацца дрыжаннем, дрыжыкамі. Дрыжальны рэфлекс. Дрыжальны параліч.
дрыжа́нне і дрыжэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле дзеясл. дрыжаць і дрыжэць (у 1 знач.). З дрыжаннем сэрца .. [Ліза] увайшла ў бацькаў двор. Чорны.
дрыжа́ць і дрыжэ́ць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.
1. Калаціцца, трэсціся. Зямля дрыжыць. Вокны дрыжаць. □ Дрыжэлі сцены новай звонкай хаты. Купала. Там, за сінімі шыбамі, дрыжаў аголены куст бэзу. Шашкоў. // Быць ахопленым дрыжыкамі. Дрыжаць ад холаду. Рукі дрыжаць. // Мігацець, трапятаць (пра агонь, святло). А ў небе зоркі, як сняжынкі, Гараць, мільгаюць і дрыжаць. Колас. Ружовыя водсветы дрыжэлі на мёрзлай зямлі. Чорны. // Перарывіста, няроўна гучаць (пра голас, гукі). Голас .. [Сашы] мацнеў з кожным словам і дзе-нідзе зрываўся і дрыжэў. Шамякін.
2. перан.; перад кім-чым і без дап. Адчуваць страх, баяцца каго‑н. — Васіль зненавідзеў яе, як чужое дзіця. Яна адчувала гэта і дрыжала перад ім. Колас. — Век ты перад панам дрыжаў і без пана дрыжыш, — дапякла жонка. Пальчэўскі. // за каго-што; над кім-чым. Непакоіцца, рупліва аберагаць каго‑, што‑н. [Маці] так дрыжала над .. [Нявідным], так старалася ўсцерагчы яго. Колас. // Берагчы што‑н., ашчадна траціць, расходаваць што‑н. Дрыжаць за кожную капейку.
дрыжа́чы, ‑ая, ‑ае.
Які ўздрыгвае, дрыжыць. Дрыжачыя рукі. Дрыжачы голас. Дрыжачае святло. □ Выбраліся на бераг ледзь жывыя, аблепленыя тванню, дрыжачыя ад холаду. Маўр.
дры́жнік, ‑у, м.
Аднагадовая або шматгадовая расліна сямейства злакавых з некалькімі сцябламі і суквеццем мяцёлкай; слёзкі.
дры́жыкі, ‑аў; адз. няма.
Частае сутаргавае ўздрыгванне цела (ад холаду, нервовага узбуджэння і пад.). У дрыжыкі кідае. □ [Цётцы Мальвіне] было так страшна, аж да дрыжыкаў у каленках, і разам з тым весела. Навуменка. Вада хлюпала ў ботах, непрыемныя дрыжыкі прабягалі па целе. Шчарбатаў.
•••
Дрыжыкі прадаваць гл. прадаваць.