Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзікабра́з, ‑а, м.

Жывёліна атрада грызуноў, спіна і бакі ў якой пакрыты моцнымі іголкамі.

дзікава́та, прысл.

1. Прысл. да дзікаваты.

2. Трохі са страхам, трохі спужана. Малы адразу, як звярок, што пачуў волю, шыбануў у куток,.. прыціснуўся, дзікавата азірнуўся. Мележ.

3. безас. у знач. вык. Нязвыкла, няўтульна. Спачатку ў мужчынскай зямлянцы было дзікавата. Брыль.

4. безас. у знач. вык. Страшнавата, трохі жудасна. Хаты з глухімі, чорнымі вокнамі стаялі па абодва бакі вуліцы, І Дзімку, калі паглядваў на іх, было дзікавата.. ад іх маўклівай затоенасці. Капыловіч.

дзікава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дзікаватага. [Гаспадар] быў у добрым сінім бастонавым гарнітуры, у добрых чаравіках. Барада была расчасана і прыведзена ў парадак. Адразу з аблічча чалавека знікла дзікаватасць. Сабаленка.

дзікава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі дзікі (у 1–6 знач.). А Валодзю забрала да сябе цётка Аўдоцця, жанчына адзінокая, старая і дзікаватая. Ваданосаў.

дзікаро́слы, ‑ая, ‑ае.

Які расце ў дзікім стане (пра расліны). Дзікарослыя яблыні. Дзікарослыя лекавыя травы. Дзікарослыя ягады.

дзі́касць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан дзікага (у 1–6 знач.).

2. Устарэлая назва першага перыяду ў развіцці першабытнага грамадства (уведзеная вучоным Л. Морганам). Парная сям’я ўзнікла на мяжы паміж дзікасцю і варварствам, у большасці ўжо на вышэйшай ступені дзікасці, толькі дзе-нідзе на ніжэйшай ступені варварства. Энгельс.

дзі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца на першабытнай стадыі развіцця (пра людзей). Дзікія плямёны. // Не прыручаны, які жыве на волі ў адрозненне ад свойскага (пра жывёл і птушак). Дзікая каза. Дзікія гусі. □ Дзікі япрук рые зямлю ў глухіх закутках. Чорны. Час ад часу пачуеш вурчанне дзікіх галубоў, відаць, таксама стомленых спякотай. Брыль. // Не культываваны, які расце на волі ў адрозненне ад садовага, агароднага (пра расліны). Дзікая канюшына. Дзікая груша. □ Варвара прысела на лаўку ў альтанцы, апавітай дзікім вінаградам. Васілевіч. // Не крануты рукой чалавека; недаступны; нязведаны (пра абшары, прасторы). Дзікія нетры. Дзікія джунглі. Дзікія горы. □ Кіпіць, булькоча вада, старанна варочаючы скрылікі бульбы, а неўзабаве засквірчыць, запахне па-хатняму сала з цыбуляй — адзнака таго, што гэты бераг з усёй сваёй .. дзікай прыгажосцю абжыты гаспадаром, зямлі. Брыль. Бездань сініх вышынь, Дзікай Арктыкі лёд Добра нам вядомы. Колас.

2. Незаселены, неабжыты; глухі, запушчаны. [Зося] мінула гэтае ціхае цяпер, пустое.. дзікае месца. Чорны. — Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, — сказаў Віктар, — тады і нам не прыйшлося б тут сядзець. Маўр.

3. Нястрымны, неўтаймаваны, шалёны. Твар .. [Стафанковіча] завастрыўся, вочы глядзелі з дзікай зайздрасцю. Чорны. Дрыжачымі пальцамі зноў замацоўваў Мікола лыжы, у душы яго кіпеў нейкі дзікі гнеў. Навуменка.

4. Які пераходзіць межы нармальнага; неверагодны. Дзікі крык. □ Залямантавала бабка, але тут жа і сціхла, быццам гэты доктар сваімі рукамі зваліў з яе старых знясіленых плеч цэлую гару дзікага болю. Васілевіч. Пра, дзікія .. гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды. Чарнышэвіч. // Жорсткі, зверскі, люты. Дзікае забойства. Дзікая расправа. □ .. [Нор] не хоча вяртацца.. у тую краіну дзікіх законаў.. Бацьку яго лінчавалі, маці памерла, шукаючы работы. Шамякін.

5. Дзіўны, незвычайны, недарэчны. Дзікая думка. □ І ніхто не разважыў, што гэта вясна Напляла дзікіх планаў, каторых не здзейсніць. Глебка.

6. перан. Які дзічыцца, пазбягае людзей; недаверлівы, нелюдзімы. Дзікі хлапчук. □ Мне ўжо і бабы казалі: «Дзікі якісь твой госць. Усё адзін, адзін». Вышынскі.

7. Не звязаны з пэўнай арганізацыяй; нелегальны. — Слухай, Пятро Макаравіч, хто ў нас пазірае за будаўніцтвам прыватных дач? .. Я маю на ўвазе дачы дзікія, што растуць у другіх месцах як грыбы. Шамякін. Пляж зваўся «дзікім», і людзей на ім ніколі не бракавала. Васілёнак.

•••

Дзікае мяса гл. мяса.

Дзікім голасам гл. голас.

дзіклі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які дзічыцца, пазбягае людзей (пра чалавека), недаверлівы, палахлівы (пра жывёлу). Дзіклівае дзіця. Дзіклівы кот.

дзіко́ў, ‑ова.

Які належыць дзіку. Дзіковы капыты. Дзікоў лыч.

дзіку́н, ‑а, м.

1. Чалавек з племені, якое знаходзіцца на ступені першабытнай культуры; нецывілізаваны чалавек. // Пра некультурнага, неразвітага, грубага чалавека. — Тупагаловыя дзікуны! Яны не разумеюць, што няма той сілы, якая знішчыла б народ. Шамякін. Я баяўся, што стычынскія хлапчукі зловяць мяне на вуліцы і адлупцуюць. Такія дзікуны могуць! Чарнышэвіч.

2. Разм. Нелюдзімы, дзікаваты чалавек. [Панне] Людміле цікава было паглядзець на гэтага дзікуна і пустэльніка, які яшчэ аж дасюль не быў у Завітанках. Колас.

3. Разм. Пра чалавека, які адпачывае ў курортным месцы без пуцёўкі. — Люблю ездзіць адпачываць «дзікуном», — гаварыў.. Аляксей Пятровіч. Васілёнак.