грызану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
Аднакр. да грызці.
грызе́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. грызці.
грызну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Аднакр. да грызці.
грызня́, ‑і, ж.
1. Барацьба, кусанне адзін аднаго зубамі (у жывёл). Грызня сабак.
2. перан. Сварка, спрэчка. Грызуцца не толькі Верамейчыкі. Рэдка ў якой хаце няма грызні. Крапіва.
грызу́н, ‑а, м.
Млекакормячая жывёліна атрада грызуноў (мыш, заяц, суслік, вавёрка і інш.) з доўгімі моцна развітымі пярэднімі зубамі.
гры́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. грыз, ‑ла; незак., каго-што.
1. Кусаць, есці што‑н. цвёрдае, сухое. Грызці сухары. Грызці яблык. □ Камандзір палка маёр Урванцаў сядзеў на нарах і грыз воблу. Марціновіч. // Кусаць зубамі. [Кабыла] высока трымала галаву, стрыгла вушамі, нервова грызла цуглі. Федасеенка. // Пападаючы на каго‑н., кусаць, ірваць. Трос [мядзведзь] галавой, круціўся ва ўсе бакі, увіхаўся, а сабака грыз яго не на жарт. Бядуля. // перан. Удавацца, уразацца ў што‑н. Пілы, туга нацягнутыя ў раме, скачуць і скачуць з прысвістам, грызуць сасну і сыплюць фантанчыкам белае пілавінне. Дуброўскі.
2. перан. Разм. Дакучаць пастаяннымі прыдзіркамі, папрокамі, сваркамі. Містэр Пік пачаў праклінаць тую латарэю і грызці жонку за дурную ініцыятыву. Быкаў.
3. перан. Мучыць, трывожыць, не даваць спакою (пра думкі, пачуцці і пад.). [Іваноўскага] пакутліва грызла думка: а як жа прабрацца ў партызанскія раёны? Новікаў. Пракоп адчувае сябе адзінокім, яго штосьці есць, грызе. Колас.
•••
Як рэпу грызе — хто‑н. бойка, без запінкі чытае, гаворыць і пад. — Малайчына! Чытае, як рэпу грызе, — хваліў малодшага сына Міхал. С. Александровіч.
гры́зціся, ‑зуся, ‑зешся, ‑зецца; ‑зёмся, ‑зяцеся; пр. грызся, ‑лася; незак.
1. Змагаючыся, кусаць адзін аднаго зубамі (пра жывёл). Ваўкі грызуцца.
2. перан. Разм. Сварыцца, спрачацца. Людзі спыняліся пад вокнамі, падоўгу слухалі і адыходзіліся: — Зноў Верамейчыкі грызуцца. Крапіва.
грылья́ж, ‑у, м.
Сорт цукерак з падсмажанымі арэхамі і міндалём.
[Фр. grillage — смажанне.]
грым, ‑у, м.
1. Спецыяльныя фарбы, наклейкі, накладкі, з дапамогай якіх надаюць твару акцёра патрэбны выгляд. Налажыць грым. Зняць грым.
2. Патрэбны для ігры на сцэне выгляд акцёра, прыдадзены яму з дапамогай фарбаў, наклеек, накладак. Асабліва многа было фатаграфій гэтай жанчыны — у грыме, у розных уборах і паставах. Карпаў.
[Ад іт. grimo — маршчыністы.]
грыма́к, ‑а, м.
Разм. Удар кулаком; кухталь. Надаваць грымакоў.