Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вярзці́ся і ве́рзціся, ‑зецца; пр. вёрзся, вярзлася, ‑лося; незак.

Разм. Бязладна ўзнікаць, здавацца ва ўяўленні; блюзніцца. — Сяджу я ды думаю... А што думаю, дык і сам добра не разбяру — вось вярзецца нешта. Крапіва.

вярну́цца 1, вярнуся, вернешся, вернецца; зак.

1. Прыйсці, прыехаць назад у тое месца, адкуль выйшаў, выехаў. Партызаны, Напэўна, пайшлі на заданне і яшчэ не вярнуліся з цяжкага бою. Свірка. У пошуках спосабу жыць гэта сям’я на некалькі год трапіла На Далёкі Усход, пасля зноў вярнулася ў Беларусь. Чорны. // перан. Зноў з’явіцца, узнікнуць (пра пачуцці, настрой і пад.). Пакуль Стары распранаўся, начлежнік вадзіў вачамі за яго павольнымі, важнымі рухамі, і ўчарашняе прыкрае пачуццё вярнулася зноў. Брыль.

2. Зноў заняцца ранейшай справай. Вярнуцца да сваёй пастаяннай работы.

вярну́цца 2, вернецца; незак.

Разм. Нахіляцца на бок. Човен вернецца.

вярну́ць 1, вярну, вернеш, верне; зак., каго-што.

1. Аддаць узятае. Вярнуць пазычанае. Вярнуць доўг. □ Вярнула смелая Марылька гаспадару каня і ўсё дабро. Якімовіч.

2. Атрымаць назад што‑н. затрачанае, зрасходаванае. Не то што ўраджай сабраць, нават насення людзі вярнуць не змаглі... Грамовіч.

3. Прымусіць або ўгаварыць вярнуцца назад. [Людзі], тулячыся да хвоі, баяліся паварушыцца — усё ім здавалася, што іх хтосьці бачыць і верне іх зараз назад. Чорны. Далей аўтобуснага прыпынку Зіна не дазволіла сябе праводзіць, нават Сямёна вярнула. Шыцік. // перан. Выклікаць, узнавіць у каго‑н. ранейшае (пра думкі, настрой). Гэтыя словы адразу вярнулі Язэпа да рэальнасці. Шахавец. Гудок вярнуў Міхала да ранейшых думак. Карпаў.

•••

Вярнуць да жыцця — аднавіць жыццёвыя сілы, энергію, функцыі каго‑, чаго‑н.; вылечыць.

вярну́ць 2, вярну, вернеш, верне; незак., што.

1. Мяняць напрамак руху, паварочваць. Суровыя і маўклівыя перавозчыкі са стрэльбамі і гранатамі.. плывуць некаторы час удоўж берага.., а потым вернуць упоперак Прыпяці і шчасліва прыстаюць на яе другі бераг. Колас. Сонца вярнула з поўдня, пякло, паліла твар. Пташнікаў.

2. Нахіляць, валіць на бок, пераварочваць. Вярнуць воз. □ — На бок вярніце, дном угору! Палечым зараз, наш ты хворы! — Да чоўна дзядзька так звярнуўся. Колас.

3. перан. Разм. Схіляць да чаго‑н., даваць пэўны напрамак думкам, размовам і пад. Не туды, брат, вернеш! □ [Варывончык:] — Ты [Аксіння] занадта ўжо стала вярнуць усюды на сваё. Кулакоўскі.

4. перан. Разм. Перакладаць віну на другога. Жывёлаводы вярнулі на брыгадзіраў, брыгадзіры абвінавачвалі жывёлаводаў. Дуброўскі. [Бабуля:] — Мачыха сама мёд крадзе, а верне ўсё на падчаранят. Брыль.

5. Разм. Варочаць што‑н. цяжкае, грувасткае; выконваць цяжкую работу. Ззаду [трактара] падскоквалі плугі, скраблі дарогу і вярнулі дзёран. Пташнікаў.

6. Рухацца, падаць, узнімацца суцэльнай плынню. На маленькім століку стаіць самавар і скавыча на ўсе галасы.. аж пара з яго верне. Колас.

•••

Вярнуць нос — адносіцца да каго‑, чаго‑н. з пагардай; грэбаваць кім‑, чым‑н.

Горы вярнуць на каго — няславіць, гаварыць пра каго‑н. дрэннае.

З душы верне — пра што‑н. вельмі непрыемнае, агіднае.

вяро́вачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш. да вяроўка; невялікая тонкая вяроўка.

вяро́вачнік, ‑а, м.

Той, хто ўе вяроўкі.

вяро́вачніца, ‑ы, ж.

Жан. да вяровачнік.

вяро́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вяроўкі; зроблены з вяроўкі. Вяровачны цэх. Вяровачныя павады.

вяро́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Звітыя, скручаныя ў выглядзе шнура пасмы (пянькі, лёну і пад.). Канапляныя вяроўкі. Увязаць воз вяроўкай.

•••

Біць вяроўкі з каго гл. віць.

Вяроўка плача па кім — пра таго, хто заслугоўвае пакарання.

З ветру вяроўкі віць гл. віць.

Загуляць на вяроўках гл. загуляць.

І на вяроўцы не зацягнеш каго гл. зацягнуць ​1.

Сам на сябе вяроўку суча гл. сукаць.

Цягнуць на вяроўцы каго гл. цягнуць.

вяро́ўчына, ‑ы, ж.

Разм. Кусок, абрывак вяроўкі. Старая рабочая куртка была падпяразана вяроўчынай. Пестрак.

вярста́, ‑ы, ДМ ‑сце; мн. вёрсты, вёрст; ж.

1. Мера даўжыні, роўная 1,06 км, якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы.

2. Уст. Верставы слуп. Не ідзе, а ляціць паравоз, толькі мільгаюць паабапал пераезды, слупы, паласатыя вёрсты. Лынькоў.