ачарсцве́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаў чэрствы; падсохлы.
2. перан. Які страціў чуласць, спагадлівасць. Ачарсцвелае сэрца.
ачарсцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца чэрствым; падсохнуць. Ад ветру і сонца ачарсцвела шаша, запахлі лісцем дрэвы-прысады. Пташнікаў.
2. перан. Страціць чуласць, спагадлівасць; стаць бяздушным. Трэба дома бываць часцей, Трэба дома бываць не госцем, Каб душою не ачарсцвець. Барадулін.
ачаса́ны і ачэ́саны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад ачасаць.
ачаса́цца, ачэшацца; зак.
Тое, што і абчасацца.
ачаса́ць, ачашу, ачэшаш, ачэша; зак., што.
Тое, што і абчасаць.
ача́хлы, ‑ая, ‑ае.
Які стаў халаднейшым, астыў, ахалодаў.
ача́хнуць, ‑не; пр. ачах, ‑ла; зак.
Стаць халаднейшым; ахаладзіцца, астыць. Печ ачахла. // Стаць меншым, слабейшым. Агонь ачах. // перан. Паспакайнець, астыць, ахаладзець да каго‑, чаго‑н. Пакуль запал мой не ачах, Люблю язду таропкую, Няхай у некага ў вачах І застаюся кропкаю. Гаўрусёў.
ачкава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ачкаваць.
ачкава́ць, ачкую, ачкуеш, ачкуе; зак., што.
Прышчапляць да якой‑н. расліны вочка іншай расліны.
ачко́, ‑а; Р мн. ‑оў; н.
1. Значок на ігральнай карце ці косці, які абазначае яе вартасць у гульні.
2. Адзінка падліку выйгрышаў у спаборніцтвах, спартыўных гульнях. Набраць найбольшую колькасць ачкоў.
3. Від азартнай карцёжнай гульні. Па абрыўках слоў Сіпак здагадаўся, што паліцаі іграюць у ачко. Лынькоў.