сіраце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца сіратой, траціць сваіх бацькоў; быць сіратой. І вось — Алеся сірацее. Таўбін.
2. перан. Жыць гаротна, цяжка, быць пазбаўленым сувязі з блізкімі. Самі вы [партызаны] гаротна сірацелі, Каб зямля не ведала сіроцтва. Лось. // Пусцець, трацячы каго‑, што‑н. Сірацее хата без гаспадара. // Быць у адзіноце, мець самотны выгляд. Восень брала сваё. За акном сірацеў маладзенькі клён. Гаўрылкін. Нарэшце Лявон дайшоў да хмызняку, за якім разбягаўся папар, шарэла бязлюдная шаша і сірацеў адзінокі грузавік. Хадановіч. Кволасць і знямога .. адчуваліся ва ўсім: у слабым зіхаценні ўжо халаднаватага марыва, у самотным іржышчы, што млява сірацела на сонцы. Б. Стральцоў.
сіраці́на, ‑ы, м. і ж.
Разм. Тое, што і сірата. Адзін ён цяпер, сіраціна: Ні маткі няма, ні сястры. Колас. [Волька] праніклася жалем да сяброўкі, да яе цяжкага лёсу сіраціны... Ваданосаў. / у перан. ужыв. А пад шчытам на павуціне Нішчымны колас-сіраціна Ў зацішку лёгенька гайдаўся. Колас.
сіраці́ць, ‑рачу, ‑раціш, ‑раціць; незак., каго-што.
Рабіць сіратою. [Лявэр:] — І я падумаў сабе — ну, а чаму я павінен сіраціць сваіх дзяцей? Чорны.
сіро́ка, нескл., м.
Сухі гарачы паўднёвы або паўднёва-ўсходні вецер у Міжземнаморскім басейне. Хутка надвор’е пачало псавацца, моцны сухі сірока загнаў нас на карму. Рамановіч.
[Іт. sirocco.]
сіро́п, ‑у, м.
1. Канцэнтраваны раствор цукру (звычайна з фруктовым ці ягадным сокам). Вішнёвы сіроп. □ [Тамара:] — Зайдзі да мяне, Антон. Я напаю цябе вадой. Толькі што прынеслі сіфон. І сіроп ёсць. Шамякін. / у перан. ужыв. Ты сам адмахнуўся ад лёскату славы. Сіроп усхваленняў табе не па густу. Чарнышэвіч.
2. Густы адвар, прыгатаваны з сокаў лекавых траў.
[Фр. sirop.]
сіро́павы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і сіропны. Сіропавае пітво.
сіро́пны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сіропу. / у перан. ужыв. Іван Васільевіч перачытваў нудны і сіропны нарыс пра калгаснага пастуха. Шамякін.
сіро́тка, ‑і, ДМ ‑тку, Т ‑ам, м.; ДМ ‑тцы, Т ‑ай (‑аю), ж.; Р мн. ‑так.
Памянш.-ласк. да сірата.
сіро́цкі, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і сірочы. Гулка сіроцкая песня Па свеце нясецца з трывогай. Купала. На наша сіроцкае шчасце, раніца ле вельмі халодная. С. Александровіч.
•••
Сіроцкая зіма — пра цёплы, маласнежны зімовы час.
сіро́цтва, ‑а, н.
1. Стан сіраты; адсутнасць бацькоў. Вырасці ў сіроцтве. Ранняе сіроцтва. □ Я ўпэўнены: уласнае сіроцтва пацягнула.. [Мікалая Іванавіча] да нас — гэткіх жа сірот. Радкевіч.
2. перан. Адзіноцтва, беспрытульнасць; пачуццё адзіноты. Чым далей адыходзіў.. [Пракоп] ад свайго котлішча, тым з большаю сілаю ахаплялі і наступалі на яго гэтыя халодныя прасторы, сярод якіх вастрэй адчувалася адзінота і сіроцтва на свеце. Колас.