Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

са́кля, ‑і, ж.

Жыллё каўказскіх горцаў. Стаю адзін, Дзе саклі пад гарою У зоры ткуць З зыбучае імглы, Дзе над абрывамі Высока нада мною Між скал віюцца Горныя арлы. Трус.

[Груз.]

сако́л, ‑кала, м.

Разм. Тое, што і сокал.

•••

Гол як сакол гл. голы.

сако́лік, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да сокал (у 1, 2 знач.).

2. (звычайна ў звароце). Нар.-паэт. Ласкавая назва юнака, дзіцяці, мужчыны. — А, дзядзька! дзядзечка, саколік! Насып мне ягад у прыполік! Колас. Грэйся, саколік! Я не шкадую. К коміну бліжэй сядай! Чарот.

сако́лка 1, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Разм. Сакаліха.

2. (звычайна ў звароце). Ласкавая назва жанчыны. Нешта падумаўшы, устала, пазбірала з зямлі ў гліняную міску курыныя галовы і падала іх Трыпіне: — Бяры, саколка... Юшку сабе зварыш... Капыловіч.

сако́лка 2, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Трыкатажная майка без рукавоў і каўняра. Дзімін ахвотна скінуў кашулю, саколку і, фыркаючы, пачаў умывацца. Карпаў.

сако́льнік, ‑а, м.

Гіст. Той, хто даглядае лоўчых птушак, абучае іх і палюе з імі.

сако́льнічы, ‑ага, м.

У 15–17 стст. на Русі — баярын, які ведаў царскім сакаліным паляваннем.

сакра́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Кніжн. Тое, што і сакраментальны (у 1 знач.).

2. Спец. Які мае адносіны да крыжа (у 5 знач.); крыжавы.

сакра́мант, ‑у, М ‑нце, м.

Кніжн. Нешта свяшчэннае, рытуальнае; талісман. Але ёсць у.. [Алёнкі] адзін верш. Яна хавае яго, як нейкі сакрамант, і нікому яго не паказвае. Колас.

[Польск. sakrament ад лац. sacramentum — наданне святасці.]

сакрамента́льнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць сакраментальнага.

сакрамента́льны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн.

1. Які мае адносіны да рэлігійнага культу; абрадавы, рытуальны. // Свяшчэнны, варты пакланення.

2. Традыцыйны, які стаў звычаёвым. Сакраментальная фраза.

[Лац. sacramentalis.]