Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзя́га, ‑і, ДМ дзязе, ж.

Рэмень, папруга. Тужэй падцягваем франтавыя дзягі, Глянцуем боты, чысцім шынялі. Панчанка.

дзя́гіль, ‑ю, м.

Травяністая меданосная расліна сямейства парасонавых; выкарыстоўваецца ў медыцыне.

дзягця́р, дзегцяра, м.

Той, хто гоніць дзёгаць. Слабада, дзе жылі дзегцяры, была пракурана дымам, смалой і дзёгцем. Хомчанка.

дзягця́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Жан. да дзягцяр.

2. Пасудзіна для дзёгцю.

дзягця́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дзёгцю, уласцівы дзёгцю. Дзягцярны пах. // Прызначаны для вырабу дзёгцю. Дзягцярны завод. // Прыгатаваны з дзёгцю або з прымессю дзёгцю. Дзягцярная мазь. Дзягцярнае мыла.

дзягця́рня, ‑і, ж.

Прадпрыемства, дзе гоняць дзёгаць (звычайна невялікае). У вільготнай шэрані перад .. [Кавалёвым] вырысоўваліся будынкі смалакурні, бандарні, новая будоўля дзягцярні. Чарнышэвіч.

дзягця́рства, ‑а, н.

Выганка дзёгцю. Займацца дзягцярствам.

дзя́дзечка, ‑і; Р мн. ‑чак; м.

Ласк. да дзядзька (звычайна пры звароце). — А, дзядзька! дзядзечка, саколік! Насып мне ягад у прыполік! Колас. — Вы, дзядзечка, шапку забыліся, наце! — Яму празвінеў галасок хлапчаняці. Арочка.

дзя́дзіна, ‑ы, ж.

Дзядзькава жонка. [Ліпачка] не любіла ні самога дзядзьку, ні дзядзіну, ні нават сваіх стрыечных братоў, асабліва Яся. Сабаленка.

дзядзі́нец, ‑нца, м.

1. Агароджаны пляц, двор пры якой‑н. вялікай пабудове (гаспадарчай, жылой і пад.). Месцам для сходу быў выбраны дзядзінец былой старыцкай царквы. Хадкевіч. За горкай панская пасада, Як у вяночку, каля саду У глыбі прасторнага дзядзінца Стаяла збоку ад гасцінца. Колас.

2. Тое, што і дзяцінец ​1. Галоўнай часткай [старажытнага горада] быў ўмацаваны цэнтр, так званы дзядзінец. Звычайна ён размяшчаўся на ўзвышаным месцы. Штыхаў.