цераспало́сіца, ‑ы, ж.
Размяшчэнне зямлі адной гаспадаркі ўперамежку з чужымі зямельнымі ўчасткамі. Цераспалосіца і драбленне сялянскай гаспадаркі ўскладнялі апрацоўку зямлі, павялічвалі непрадукцыйныя затраты працы. Палуян. // Перамяжоўванне аднаго чаго‑н. з другім, іншым. Побач з Часовым урадам Саветы таксама спрабуюць у некаторых пытаннях ажыццяўляць сваю ўладу. Атрымліваецца цераспалосіца ўлад. Ленін. Сукенка не да твару — Зашмат цераспалосіц. Калачынскі.
цераспало́сны, ‑ая, ‑ае.
Які ўяўляе сабой цераспалосіцу, вызначаецца цераспалосіцай. Цераспалосныя ўладанні.
церассядзе́льнік, ‑а, м.
Тое, што і церассядзёлак. Я адпусціў церассядзельнік каню, паклаў яму бярэма сена. М. Ткачоў. Фурман патупаў вакол, адпусціў каранніку церассядзельнік, не адпрагаючы, начапіў коням торбы з аўсом. Лупсякоў.
церассядзёлак, ‑лка, м.
Рэмень, які працягваецца ад адной аглоблі да другой цераз падсядзёлак, каб падняць вышэй хамут і аглоблі. Стары, зняможаны конь натужна хроп, падціснуты церассядзёлкам і хамутом. Кулакоўскі.
церассядзёлкавы, ‑ая, ‑ае.
Які праходзіць цераз падсядзёлак. Церассядзёлкавы рэмень.
цернаслі́ва, ‑ы, ж.
1. Пладовае дрэва або куст з салодкімі сінявата-чорнымі пладамі, якое з’яўляецца натуральным гібрыдам цёрна і слівы.
2. Плод гэтага дрэва.
це́рні, ‑яў; адз. няма.
1. Уст. і кніжн. Пра калючыя расліны, а таксама калючкі на іх. Сонца ўзыдзе прыгожае, Цемра адхлыне варожая, Церні завянуць калючыя, Раны загоім балючыя. Пушча. — Зірні, — паказаў ёй [Лесі] Мяржынскі. — Усё заглушыў шэры камень: Дубы, непакорныя церні, А кветка прабіла яго. Жычка.
2. перан. Цяжкасці, пакуты, якія сустракаюцца на жыццёвым шляху чалавека (паэта, мастака, вучонага і пад.). [Ярошка:] — Раз ты такі самакрытычны, то будзь гатовы да ўсяго: да лаўраў і да церняў. Дамашэвіч.
це́рніца, ‑ы, ж.
Прылада, якой труць лён, каноплі. У дварах пылілі церніцы, грызучы перасохлы лён. Чорны. І Андрэй без жалю ламаў і трушчыў церніцай лён, выціраў кастрыцу і клаў у кучу бліскучыя белыя палойкі. Чарнышэвіч.
це́рпкі, ‑ая, ‑ае.
Кіславата-даўкі. Церпкія ягады. Церпкае віно. □ Квас летні, церпкі, падкіслены падгарэлымі хлебнымі скарынкамі, а конаўка медная. Навуменка. Неяк адразу пацяжэлі ад церпкага крывянога соку гронкі каліны. Паслядовіч. — Прысядзь і выпі кубак, брат! Мо’ церпкай здасца гэта брага. Я сам садзіў свой вінаград, Я знаю вартасць спелых ягад. Танк. / Пра пах. Налібока, Налібока... Мімаволі шырыш вока: Цёмна ў засені прытоенай, Церпкім водарам настоенай. Кірэенка. Коля сышоў са сцежкі, наламаў вялізны букет, прыпаў да яго тварам і на поўныя грудзі ўдыхаў церпкі водар. Жычка. Церпкі водар імху казытаў у носе. Пестрак.
церусі́цца, цярусіцца; незак.
Разм. Тое, што і церушыцца. Ціхі іней цярусіцца з белых бяроз. Куляшоў. Тытунь, нібы знарок, церусіцца ў непаслухмяных пальцах. Мележ. На галінах асядалі, разбураліся зоркі сняжынак, і на дол павольна церусіўся снег, рэдкі, лёгкі. Шамякін.