Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сіліка́тчыца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да сілікатчык.

сіліка́ты, ‑аў; адз. сілікат, ‑у, М ‑каце, м.

1. Мінералы, у склад якіх уваходзіць крэменязём. Хімія сілікатаў. Сілікат натрыю.

2. Вырабы з такіх мінералаў (шкло, фарфор, цэмент, цэгла і пад.). Вытворчасць сілікатаў.

[Ад лац. silex, silicis — крэмень.]

сілікатыза́цыя, ‑і, ж.

Спец. Увядзенне ў грунт сілікатных раствораў для надання яму трываласці, воданепранікальнасці. Сілікатызацыя глебы. Сілікатызацыя грунту пад фундаментамі будынкаў.

сілікаці́раваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сілікаціраваць.

сілікаці́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да сілікаціраваць.

сілікаці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Спец. Апрацаваць (апрацоўваць) сілікатамі для надання трываласці. Сілікаціраваць бетон. Сілікаціраваць драўніну.

сіліко́з, ‑у, м.

Прафесійная хвароба, што выклікаецца працяглым удыханнем пылу, які ўтрымлівае свабодны двухвокіс крэмнію..

[Лац. silex, silicis — крэмень.]

сі́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.

Разм.

1. Намагацца. Дый як ні сілілася Лёдзя, ступала яна няўпэўнена, дробнымі крокамі. Карпаў. [Цімох] быў .. нізкарослы і, спяваючы, высока задзіраў галаву. І так сіліўся, што аж жыллё выпіналася на шыі. Ермаловіч. // з інф. Старацца, прабаваць зрабіць што‑н. Антось у цемнаце сіліўся разгледзець брата. Дамашэвіч. Схіліўшы ўніз галаву, дзяўчына сілілася паправіць падбародкам разарваную на грудзях блузку — рукі былі закручаны назад і звязаны. Лынькоў. Мікульскі сіліцца адарваць позірк ад гэтай попельніцы, разглядае дэталёва камендантаў стол. Місько.

2. Мерацца сіламі. [Мужык:] — Сям’я мая галодная, Хаціна мая хіліцца, Ідзі, Зіма нягодная! Не дуж з табою сіліцца. Купала.

сілі́цыевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сіліцыю, зроблены з сіліцыю.

сілі́цый, ‑ю, м.

Тое, што і крэмній.

[Ад лац. silex, silicis — крэмень.]