Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

упхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм.

1. што. Запіхваючы, усунуць куды‑н.; спехам або без разбору палажыць у што‑н. Віцька хуценька сунуў.. [шашку толу] у кішэню, за пазуху ўпхнуў скрутак шнура. Кухараў.

2. каго. Штурхнуўшы, прымусіць увайсці куды‑н. Дзверы адчыніліся са скрыпам, і паліцыянт.. упхнуў у пакой маладую жанчыну. Пестрак.

3. што. Прымусіць узяць, прыняць што‑н. Ніна адмаўлялася [ад гасцінца], але цётка сілаю ўпхнула здор у торбу. Арабей.

4. каго. Паставіць, накіраваць каго‑н. на якую‑н. работу, пасаду і пад. супраць волі. Не лёс, а Васілеўскі зараз упхнуў яго [бацьку] на гарбарню немца Гальдштэйна. Гарэцкі. // Уладкаваць каго‑н. куды‑н. па пратэкцыі. Не прайшоў [сын] у інстытут, На завочны ўпхнулі. Лужанін.

упы́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад упыліць.

упылі́цца, упылюся, упылішся, упыліцца; зак.

Разм. Пакрыцца пылам, запыліцца. Упылілася прыдарожная трава.

упылі́ць, упылю, упыліш, упыліць; зак., каго-што.

Разм. Пакрыць пылам, запыліць. Упыліць плашч.

упы́н, ‑у, м.

Разм. Тое, што і упынак. Перш упыну не было на Юстапа з яго скаргамі. Калюга.

упы́нак, ‑нку, м.

Разм. Спакой. Дома ён не знаходзіў упынку. Маці адчувала прычыну і сілком пачала выпраўляць Аляксея на вячэрнія пагулянкі. Пальчэўскі. Памяць! Ні ўпынку, ні прыпынку ёй. Сабаленка.

•••

Без упынку — не перастаючы, не сціхаючы, не абмяжоўваючы сябе. Хтосьці без упынку балесна енчыць і стогне. Мядзёлка. Ліна балбатала без упынку. «Маладосць».

Няма (не мець) упынку — нельга стрымаць, спыніць. [Крывіцкі:] — Няма ўпынку на хлопцаў, усюды яны ўлезуць. Лобан. Ціха. Толькі лье і лье дождж, няма на яго сёння ўпынку. С. Александровіч.

упыні́ць, упыню, упыніш, упыніць; зак., што.

Абл. Парабіць усё, прывесці ў парадак. За гэты час Валоціч упыніў свае справы, сядзеў у кабінеце, наводзіў парадак у пісьмовым стале, хоць гэты парадак быў і без таго на належнай вышыні. Колас. Маці прыкархнула, прысеўшы каля печы. Змарылася, пакуль упыніла ўсю работу. Лужанін.

упы́рскванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. упырскваць — упырснуць.

упы́рсквацца, ‑аецца; незак.

Зал. да упырскваць.

упы́рскваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да упырснуць.