Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзьму́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Перарывіста, з перапынкамі дзьмуць. Чай гарачы, Ляксей доўга дзьмухае на яго, глыне глыток і зноў дзьмухае. Жычка. Алесь прывалок два вялізныя кашы бульбы, засопся, пачаў дзьмухаць на расчырванелыя рукі. Чарнышэвіч.

дзьму́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да дзьмухаць.

дзьму́цца, ‑муся, ‑меліся, ‑мецца; ‑мёмся, ‑мяцеся; незак., на каго-што і без дап.

Разм. Крыўдзіцца, сердаваць. Галя ўсе гэтыя дні нечага дзьмулася на .. [Міхася], а калі часам сустракаліся, дык старалася глядзець у другі бок, каб не сустрэцца вачамі. Гурскі.

дзьмуць, ‑му, ‑меш, ‑ме; ‑мём, ‑мяце; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Несці, гнаць струмень паветра; веяць (пра вецер). Дзьмуў лёгкі ветрык, ласкаючы твар і зганяючы спякоту. Гартны. Ноч была халаднаватая, вецер дзьмуў няроўна: і гусцеў і зменшваўся. Чорны. / у безас. ужыв. Была ўжо глыбокая восень. Дзьмула халоднымі вятрамі, напаўняла канавы дажджом. Ракітны. // безас. Цягнуць, прабіваць (пра скразняк). — Настаюць сапраўдныя халады. Вы бачыце, як дзьме праз вокны?.. Скразняк! Грамовіч.

2. З сілаю выпускаць з рота струмень паветра. Дзьмуць на агонь. □ І хлопчык стаў у дудку дзьмуць, Гамоніць дудка галасліва. Колас. Коля стаяў на каленях і дзьмуў на невялікі грудок сухіх галінак. Ставер.

•••

І ў вус (сабе) не дзьме — не звяртае ўвагі на што‑н., не турбуецца.

дзю́ба, ‑ы, ж.

1. Выцягнутыя, з рагавым пакрыццём, бяззубыя сківіцы ў птушак і некаторых іншых жывёл, прыстасаваныя для яды. Гусі шчыпалі мураву жоўтымі дзюбамі. Галавач. [Арол] прыўзняў кручкаватую дзюбу колеру адпаліраванага крэменя і зноўку ўзяўся смакаваць мяса. Беразняк.

2. перан. Тонкі востры канец чаго‑н. Дзюба нажа. □ [Галя] бачыла на школе шыферны дах і дзюбу вежавага крана. Грахоўскі. Людзі да Грасыльды хадзілі часта.., і кручок выгрыз за доўгія гады глыбокую ямку [у вушаку] — хаваецца ўсёй дзюбай. Пташнікаў.

•••

З камарыную дзюбу — пра што‑н. надта малое, мізэрнае.

дзюбану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Тое, што і дзюбнуць.

дзюба́сты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і дзюбаты. Дгюбастая птушка кінулася ў куст. Чорны. На паліцах, Паміж усяго — Ножык з дзюбастым бліскучым лязом. Броўка.

дзюба́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З вялікай дзюбай. Дзюбаты бусел. □ Гараць, як стужкі, каля хаты Дарожкі з клумбамі. На іх Арол красуецца дзюбаты. Колас.

2. Падобны на дзюбу. Прыйшоў бухгалтар у акулярах, з чорнымі вусікамі пад крыху дзюбатым носам. Пестрак.

дзю́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Разм.

1. Кляваць, дзяўбаць (пра птушак).

2. Удараць, кляваць чым‑н. вострым. [Разносчык газет] дзюбае жалезнай палкай па тратуары і крычыць: — Купляйце! Купляйце газету! Сабаленка. // Ударацца аб што‑н., пакідаючы след. Аганёк паўзе па мосце, А услед бяжыць Дзіега. Ён не чуе, як навокал Кулі дзюбаюць жалеза. Панчанка.

•••

Дзюбаць носам — тое, што і кляваць носам (гл. кляваць).

дзюбе́к, ‑у, м.

Вышэйшы сорт македонскага тытуню.