дзьмуць, ‑му, ‑меш, ‑ме; ‑мём, ‑мяце; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Несці, гнаць струмень паветра; веяць (пра вецер). Дзьмуў лёгкі ветрык, ласкаючы твар і зганяючы спякоту. Гартны. Ноч была халаднаватая, вецер дзьмуў няроўна: і гусцеў і зменшваўся. Чорны. / у безас. ужыв. Была ўжо глыбокая восень. Дзьмула халоднымі вятрамі, напаўняла канавы дажджом. Ракітны. // безас. Цягнуць, прабіваць (пра скразняк). — Настаюць сапраўдныя халады. Вы бачыце, як дзьме праз вокны?.. Скразняк! Грамовіч.
2. З сілаю выпускаць з рота струмень паветра. Дзьмуць на агонь. □ І хлопчык стаў у дудку дзьмуць, Гамоніць дудка галасліва. Колас. Коля стаяў на каленях і дзьмуў на невялікі грудок сухіх галінак. Ставер.
•••
І ў вус (сабе) не дзьме — не звяртае ўвагі на што‑н., не турбуецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)