серабры́стасць, ‑і, ж.
Уласцівасць серабрыстага. Серабрыстасць ракі. Серабрыстасць сняжынак.
серабры́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які колерам і бляскам нагадвае серабро. Серабрысты іней. □ Вярнуўся з космасу Гагарын на серабрыстым караблі. Машара. Каля самага берага б’е з-пад зямлі крыніца з серабрыстай сцюдзёнай вадой. В. Вольскі. Вялізны саган, пабліскваючы серабрыстай луской, пляснуўся ў кош. Асіпенка. // З сівымі валасамі, з сівізной. [Якім] трохі згорбіўся, аброс густой серабрыстай шчацінай. Нікановіч.
2. перан. Меладычна-звонкі, высокага тону (пра смех, голас і пад.). Хай звініць серабрыстым смехам Залатога маленства пара. Глебка. Серабрыстую песню сваю разліў высока ў сіне-сінім паветры жаўранак. Мурашка.
3. Як складаная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Серабрыстая таполя. Серабрыстая ліса. Серабрысты трус.
серабры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
1. Рабіцца серабрыстым, набываць серабрысты колер, бляск. Дзьмуў лёгкі ветрык, рабацела рака, а калі выглядала сонца з-за хмар, вада серабрылася. Гурскі. // Выдзяляцца сваім серабрыстым колерам, бляскам, віднецца (пра што‑н. серабрыстае). На аддаленых вяршынях серабрацца воблакі. Бядуля. Усё дно ракі серабрыцца на сонцы, зіхаціць, усланае маляўкай... Краўчанка. // Сівець; зіхацець сівізной. На скронях ужо серабрыліся валасінкі і паглыбіліся зморшчкі ля вачэй, якія, як і раней, захавалі свой сталёвы колер і сваю напорыстасць. Пестрак.
2. Зал. да серабрыць.
серабры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
1. Пакрываць тонкім слоем серабра. Серабрыць лыжкі.
2. Рабіць серабрыстым, надаваць чаму‑н. серабрысты колер, бляск. Месяц серабрыў хвалі, на якіх пагойдваліся бярвенні, — па рацэ сплаўлялі лес. Даніленка. Прамоўца паварочваецца да тых, якія стаяць у парозе, аконнае святло падае яму на шчаку і серабрыць скроню. Дуброўскі.
серабрэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. серабрыць (у 1 знач.).
серавадаро́д, ‑у, М ‑дзе, м.
Злучэнне серы з вадародам — газ, які ўтвараецца пры гніенні бялковых рэчываў і мае рэзкі непрыемны пах тухлых яец.
серавадаро́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да серавадароду, які ўтрымлівае ў сабе серавадарод. Серавадародная крыніца. Серавадародныя вапны.
серавугляро́д, ‑у, М ‑дзе, м.
Злучэнне серы з вугляродам — бясколерная, лёгкая на загаранне ядавітая вадкасць з непрыемным пахам.
серавугляро́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да серавугляроду.
серада́, ‑ы́, ДМ ‑дзе́; мн. се́рады (з ліч. 2, 3, 4 серады́), се́рад; ж.
Трэці (пасля нядзелі) дзень тыдня. У суботу дырэктар нечакана паведаміў, што канікулы пачнуцца не з серады, а з гэтай нядзелі. Мурашка.