гро́зьба, ‑ы, ж.
Разм. Абяцанне прычыніць каму‑н. непрыемнасці зло; запалохванне, пагроза. Будуць лаяць — няхай лаюць, Будуць біць — няхай і б’юць, — Тыя грозьбы не пужаюць І не кратаюць нічуць. Колас. Адбегшы, здалёк чую.. грозьбу: — Папомніш ты мяне, галетнік чортаў! Сабаленка.
гром, ‑у, м.
1. Грукат і трэск, якія суправаджаюць маланку ў час навальніцы. Голасам моцы, ціха і важна Гром пракаціўся ўгары. Луг адазваўся грому працяжна, Лес адгукнуўся стары. Колас. Гром грыміць і грыміць... Б’е пярун агнявы. Чарот. З вялікага грому дажджу не бывае. Прыказка.
2. чаго або які. Моцны гул, грукат. Гром кананады. Гарматы гром. □ Узнялася магутная людская хваля, ударыла громам воплескаў. Шамякін.
•••
Як гром з яснага неба — раптоўна, зусім нечакана (здарылася што‑н., з’явіўся хто‑н. і пад.). Як гром з яснага неба было для Малышава з’яўленне упаўнаважаных ад сельскага савета. Пальчэўскі.
громаадво́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Тое, што і маланкаадвод.
громападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Вельмі гучны, падобны на гукі грому. Громападобны крык. Громападобны ўдар.
гро́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Скопішча пладоў або кветак на адной галінцы. Гронка вінаграду. □ Неяк адразу пацяжэлі ад .. крывянога соку гронкі каліны. Паслядовіч. За платамі заблытаныя дажджом і набрынялыя гронкі бэзавых кветак. Карпюк.
гронкападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Падобны да гронкі. Гронкападобнае суквецце.
грос, ‑а, м.
Уст. Дванаццаць тузінаў (144 штукі) якіх‑н. аднародных прадметаў. Грос гузікаў.
[Ням. Gross.]
гро́сбух, ‑а, м.
Бухгалтарская кніга, якая дае зводку ўсіх рахункаў і прыродна-расходных аперацый. Былі членскія ўзносы, якія акуратна запісваліся ў вялікія гросбухі і рэгістраваліся ў адпаведных інстанцыях. Лынькоў.
[Ням. Grossbuch.]
гросма́йстар, ‑тра, м.
1. Вышэйшае шахматна-спартыўнае званне. // Асоба, якая мае гэта званне.
2. Галава сярэдневяковага рыцарскага манашскага ордэна.
[Ням. Grossmeister.]
гросма́йстарскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гросмайстра, належыць яму. Гросмайстарскае званне.