э́лінг, ‑а, м.
1. Спецыяльнае памяшканне на беразе, прызначанае для пабудовы і рамонту суднаў; збудаванне для пад’ёму ці спуску суднаў на ваду па нахіленай плоскасці. Наведанне храма і пошукі прыдуманых Чаурам элінгаў давялося, аднак, адкласці. Шыцік.
2. Памяшканне для дырыжабляў і аэрастатаў. Элінг для аэрастата.
3. Збудаванне асобага тыпу для захоўвання спартыўных суднаў.
[Гал. helling.]
эліні́зм, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Эпоха росквіту змешанай грэка-ўсходнян культуры, якая наступіла пасля заваяванняў Аляксандрам Македонскім на Ўсходзе. Пачатак элінізму. Позні элінізм.
2. Слова ці словазлучэнне, запазычанае са старагрэчаскай мовы.
эліні́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Паклоннік і знаўца старажытнай Грэцыі, элінскай культуры; спецыяліст у галіне старагрэчаскай філалогіі.
эліні́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да элініст.
эліністы́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да элінізму (у 1 знач.). Эліністычная культура. Эліністычная эпоха. // Уласцівы элінізму. Эліністычныя рысы.
э́лінскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да элінаў, які належыць, уласцівы ім. Элінская цывілізацыя. Элінскі тэатр.
э́ліны, ‑аў; адз. элін, ‑а, м.; элінка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. элінкі, ‑нак; ж.
Старажытныя грэкі. // Высок. Грэкі. Мова элінаў.
[Грэч. hellēn.]
э́ліпс і э́ліпсіс, ‑а, м.
1. Замкнёная крывая, якая мае такую ўласцівасць, што сума адлегласцей кожнай яе кропкі ад дзвюх дадзеных кропак (фокусаў) застаецца пастаяннай. // Контур, абрысы якога‑н. прадмета, якія напамінаюць такую крывую. Я заўважаю на .. валасатых нагах [Малініна] прадаўгаватыя бялявыя эліпсы — гэта, мусіць, і ёсць сляды колішняга ранення? Масарэнка.
2. У мовазнаўстве — рытарычная фігура, якая заключаецца ў пропуску якога‑н. члена сказа, што лёгка падразумяваецца.
[Грэч. élleipsis — пропуск.]
эліпсападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які формай нагадвае эліпс. Жонка сядзела за круглым, эліпсападобным сталом. Ермаловіч.