Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тэ́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Ісці, робячы частыя крокі. За .. [Сцяпанам], на пэўнай адлегласці, трымаючы перад сабой белы клуначак з харчамі, дробна тэпала старэнькая Сцяпанава маці. Ракітны. // Уходжвацца з якой‑н. работай; тупаць. [Аня] выйгравала ў часе — пакуль тэпала ў калідоры і кухні Мар’я Андрэеўна. Хадановіч.

2. Ісці, хадзіць наогул. Міця з бацькам выйшлі на парог і доўга стаялі, пазіраючы на чорны шлях, па якім тэпала шэсць няўклюдных фігур. Навуменка. [Незнаёмы:] — Тады давай пайшлі. Бо нам яшчэ тэпаць ды тэпаць. Карпюк.

3. Хадзіць няўпэўнена, пачынаць хадзіць (пра дзяцей). Аднаго разу .. [Галя] паставіла Вадзімку на ножкі, адпусціла рукі, трошкі адышлася, прысела .. і папрасіла: — Вадзічак, хлопчык мой, тэпай да мяне... Сабаленка. Дома пачынаў тэпаць ад крэсла да канапы яшчэ адзін наследнік — Станіслаў. Мехаў.

тэ́пці, ‑яў; адз. тэпаць, ‑пця, м.

Разм. Від лёгкага хатняга абутку, часцей дзіцячага.

тэрако́та, ‑ы, ДМ ‑коце, ж.

1. Абпаленая высакаякасная каляровая ганчарная гліна. Статуэтка з тэракоты.

2. Абпаленыя непаліваныя керамічныя вырабы (абліцовачныя пліткі, дэталі для архітэктурнай аздобы, посуд і пад.).

[Іт. terra cotta — абпаленая зямля.]

тэрако́тавы, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены з тэракоты (у 1 знач.). Тэракотавы посуд. Тэракотавыя пліты. // Які мае адносіны да тэракоты. Тэракотавая вытворчасць.

2. Колеру тэракоты (у 1 знач.); чырвона-карычневы. Капялюш тэракотавага колеру. □ І тэніска, некалі тэракотавая, выцвіла.. зрабілася амаль белая. Савіцкі.

тэрако́тчык, ‑а, м.

Спецыяліст па вырабу тэракоты, рабочы тэракотавай вытворчасці.

тэраміцы́н, ‑у, м.

Лекавы сродак з групы антыбіётыкаў, які ўжываецца пры запаленні лёгкіх, бруцэлёзе, ганарэі і пры хваробах вачэй.

тэрапе́ўт, ‑а, М ‑ўце, м.

Урач, спецыяліст па ўнутраных хваробах. Хірургія, зразумела, мае вялікія перспектывы. Але чаму менавіта хірургія? І тэрапеўты, і неўрапатолагі не менш патрэбны. Б. Стральцоў.

[Грэч. therapeutēs.]

тэрапеўты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэрапіі, тэрапеўта. Тэрапеўтычныя сродкі. Тэрапеўтычнае аддзяленне клінікі. □ Тысячы пераліванняў .. крыві хворым паказалі яе высокую тэрапеўтычную эфектыўнасць. «Маладосць».

тэрапі́я, ‑і, ж.

1. Раздзел медыцыны, які вывучае метады распазнавання і лячэння ўнутраных хвароб.

2. Лячэнне ўнутраных хвароб лякарствамі, сывараткамі, электрычнасцю і іншымі нехірургічнымі метадамі. Уладзімір Андрэевіч стаў з поспехам рабіць па месцы ўсе складаныя аперацыі, ужываць тканевую тэрапію і іншыя новаўвядзенні. «Беларусь».

[Грэч. therapeia — лячэнне.]

тэрарызава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. тэрарызаваць.