жарэ́бчык, ‑а, м.
Памянш.-ласк. да жарабок; невялікі жарабок. Быў проста жарэбчык, малюсенькі, кволенькі, здаецца, мала большы за добрае ягнё. Якімовіч.
жар-пту́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Нар.-паэт. Казачная птушка з агністым, бліскучым пер’ем. У ціхай рэчцы мякка люстраваліся чырвань неба, бледны сярпок месяца і далёкія ярка-малінавыя аблокі, якія былі падобны на казачных жар-птушак. Хомчанка.
жасцёр, ‑у, м.
Куст або дрэва сямейства крушынавых з жаўтавата-зялёнымі кветкамі і плодам касцянка.
жаўла́к, ‑а, м.
1. Зацвярдзенне, пухліна ў выглядзе гуза на целе чалавека, жывёлы. // Мускул, які выступае на шчоках пры сцісканні сківіц. Пад карычневай плямай маёравай шчакі ўсхадзіўся жаўлак, і здавалася: на шчацэ варушыцца мыш. Лынькоў.
2. Акруглены кусок мінералу.
жаўна́, ‑ы́; мн. жо́ўны (з ліч. 2, 3, 4 жаўны́), жо́ўнаў; ж.
Назва чорнага і зялёнага дзятла. На дрэвах пявуча перасвістваліся дразды, трашчоткамі стракаталі сарокі і час ад часу паветра раздзіраў непрыемны, прарэзлівы крык жаўны. Стаховіч.
жаўне́р, ‑а, м.
Уст. Салдат польскай арміі. Блішчыць сцюдзёна штык жаўнера, грыміць сярдзіта барабан. Машара.
жаўне́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жонка жаўнера.
жаўне́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да жаўнера, жаўнераў, належыць ім. Жаўнерская форма.