Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гісто́рыя, ‑і, ж.

1. Рэчаіснасць у працэсе развіцця. Законы гісторыі. Дыялектыка гісторыі.

2. Сукупнасць фактаў і падзей, якія адносяцца да мінулага чалавечага грамадства. Беларусь увайшла ў гісторыю як краіна-партызанка. «Маладосць».

3. Навука аб развіцці чалавечага грамадства. Гісторыя СССР. Гісторыя сярэдніх вякоў. Гісторыя старажытнага свету.

4. Паслядоўнае развіццё чаго‑н. Гісторыя гандлёвых адносін.

5. Навука, якая разглядае паслядоўнае развіццё, змяненне якой‑н. галіны прыроды або культуры. Гісторыя зямной кары. Гісторыя беларускай мовы. Гісторыя тэатра. Гісторыя архітэктуры.

6. Сукупнасць фактаў і падзей, звязаных з кім‑, чым‑н. Сямейная гісторыя.

7. Расказ, апавяданне. Хлопец з фантазіяй, ён спакушаў таварышаў вясёлымі гісторыямі, выдумкамі і нечаканымі прапановамі. Карпаў.

8. Здарэнне, падзея, выпадак. Кабушкін расказваў вясёлыя гісторыі са свайго жыцця. Новікаў.

•••

Гісторыя хваробы — медыцынскі дакумент аб стане здароўя хворага, які запаўняецца ўрачом ад пачатку лячэння і да яго канца.

Вечная гісторыя — тое самае, увесь час адно і тое.

Вось дык гісторыя! — пра нечаканы, непрадбачаны паварот справы.

Доўгая гісторыя — тое, што і доўгая песня (гл. песня).

Павярнуць кола гісторыі назад гл. павярнуць.

Пра гэта гісторыя маўчыць (жарт.) — што‑н. застаецца невядомым, лічаць непатрэбным гаварыць пра што‑н.

Трапіць у гісторыю гл. трапіць.

Увайсці ў гісторыю гл. увайсці.

[Грэч. historia.]

гіт, ‑у, М гіце, м.

Прабег каня на кароткую адлегласць (у конна-рысістым спорце).

•••

Мёртвы гіт — прыход коней да фінішу з аднолькавай скорасцю.

[Англ. heat.]

гіта́ра, ‑ы, ж.

Струнны шчыпковы музычны інструмент з рэзанатарам у выглядзе васьмёркі і доўгім грыфам. Сяміструнная гітара. Гавайская гітара.

[Ісп. guitarra.]

гіта́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гітары. Гітарныя струны.

гітары́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Музыкант, які іграе на гітары.

гітары́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да гітарыст.

гі́тлеравец, ‑раўца, м.

Прыхільнік Гітлера, нямецкі фашыст.

гі́тлераўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гітлерызму, гітлераўца. Гітлераўская армія. Гітлераўскія полчышчы.

гітлеры́зм, ‑у, м.

Фашысцкая дыктатура ў Германіі на чале з Гітлерам (1933–1945 г.), а таксама яе ідэалогія.

гі́фы, ‑аў; адз. гіф, ‑а, м.

Бясколерныя мікраскапічна тонкія ніці, з якіх фарміруюцца грыбніца і пладовае цела грыба.

[Ад грэч. hyphē — тканка.]