Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

секвестра́тар, ‑а, м.

Той, хто праводзіць секвестрацыю (у 1 знач.). Не забудзе.. [жанчына] да самай смерці той дзень, калі заехаў зімой секвестратар і за нядоімкі забраў гаспадароў кажух. Дамашэвіч. Ад рання да вечара гайсалі па хатах секвестратары, солтысы і паліцаі, забіралі за падаткі ўсё, што можна было забраць. Машара.

секвестра́цыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Налажэнне секвестру (у 1 знач.). Секвестрацыя маёмасці.

2. Утварэнне секвестру (у 2 знач.).

секво́я, ‑і, ж.

Гіганцкае хваёвае дрэва, якое расце ў Паўночнай Амерыцы. Секвоі, піхты, кедры, і кляны, І сосны крымскія, і кіпарысы, — Свае гады лічылі не яны, Не помняць, як даўно тут прыжыліся. Свірка. Між абвугленых чорных секвой раскаціўся сувой маўчання. Макарэвіч.

секс, ‑у, м.

Тое, што і сексуальнасць.

сексалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сексалогіі.

сексало́гія, ‑і, ж.

Раздзел медыцыны, які вывучае праблемы біялогіі пола, палавой гігіены, палавой псіхалогіі, шлюбу і сям’і, палавога выхавання.

сексапатало́гія, ‑і, ж.

Раздзел медыцыны, які займаецца вывучэннем і лячэннем захворванняў, звязаных з парушэннем палавога жыцця і паводзін.

сексапато́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне сексапаталогіі.

сексо́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне сексалогіі.

се́кста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.

Шостая ступень ад дадзенай у дыятанічнай гаме. // Інтэрвал між дадзенай ступенню і шостай ад яе ў дыятанічнай гаме. Амаль палова запісаў зборніка па дыяпазону мелодыі не перавышае сексты, але аўтар дае ўзоры і больш складаных песень. «Полымя».

[Ад лац. sexta — шостая.]