Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

садо́ўніца, ‑ы, ж.

Жан. да садоўнік.

садо́ўніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да садоўніцтва, садоўніка. Садоўніцкі інвентар.

садо́ўніцтва, ‑а, н.

1. Занятак садоўніка; майстэрства даглядаць сад.

2. Развядзенне садовых раслін як галіна сельскай гаспадаркі. Даручылі мне людзі нашы крыху падвучыцца і ўзяць у калгасе садоўніцтва ў свае рукі. Скрыпка. // Раздзел сельскагаспадарчай навукі аб развядзенні і вырошчванні садоў. Ад уваходу пачынаецца жывапісная алея — выдатны ўзор дасягненняў нашага дэкаратыўнага садоўніцтва. «Маладосць».

садо́ўнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Працаваць садоўнікам.

2. Займацца садоўніцтвам.

садра́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад садраць (у 1–4 знач.).

садра́цца, здзярацца; зак.

Разм.

1. Злупіцца, зняцца (пра кару, скуру і пад.). З павязкамі на пальцах садралася і скура. Паўлаў. // Адклеіцца і адваліцца ад якой‑н. паверхні. Афіша садралася.

2. Ад доўгага карыстання стаць непрыгодным (пра венік, мятлу і пад.). Венік зусім садраўся.

3. З’ехаць, зваліцца з насадкі. Мятла садралася з кійка.

садра́ць, здзяру, здзярэш, здзярэ; здзяром, здзераце; зак., што.

1. Адрываючы ад чаго‑н., аддзяліць, зняць (звычайна верхні слой чаго‑н.). Але ў галаве яго на скорую руку з’явілася новая думка: садраць з воўка скуру, покі ён не акачанеў — гэта будзе дзедаў трафей. Колас. Уладкаваўшыся, людзі распачалі работу. Рукамі садралі дзірван, адграблі пясок, і вось ужо сям-там забялелася крэйда. Штыхаў. // Разм. Скалупнуць прышч, больку. Садраць струп. // Разм. Пашкодзіць скуру, абдзерці. Садраць скуру на пальцы. // Счысціць, саскрэбці што‑н. з якой‑н. паверхні. На хаду, пакуль стружка не прыстыла да металу, Дывінец садраў яе жалезным кручком. Асіпенка.

2. Разм. Рэзкім рухам зняць што‑н. надзетае, прымацаванае і пад. Садраць боты з ног. Садраць шапку з галавы. Садраць аб’яву. Садраць абіўку з крэслаў. Садраць паганы. □ Нягучна буркаючы, ён садраў з Клімчанкі перапэцканы і пашкуматаны ў бойцы паўшубак. Быкаў. // Моцна дзьмучы, знесці з паверхні. Віхор страху садраў. / у безас. ужыв. Навальніцай дах садрала. / у перан. ужыв. Ранак быццам садраў покрыва з таго жыцця, да якога клікаў мяне Гаранька. Савіцкі.

3. Расціраючы на тарцы, здрабніць што‑н. Садраць бульбы на бліны. □ Адну бульбіну здзярэ [маці] на тарку, памыўшы толькі ад пяску, дабавіць да сухога стоўчанага лісця ад ліпы. Якая яшчэ зацірка выходзіла... Пташнікаў. // Здрабніць на тарцы ўсё дарэшты. Усю бульбу садралі.

4. Разм. У выніку доўгага карыстання зрабіць непрыгодным. Садраць венік нашчэнт.

5. Разм. Узяць непамерна вялікую плату за што‑н. Можна было падумаць, што пасля гэтага «заробку» бабка Анісся не здзярэ з нас па рублю за салёныя агуркі... Васілевіч. // Забраць шляхам вымагання. — Успомні, як ты [Варыла] пры панах распінаўся!.. Апошнюю кашулю хацеў садраць за розныя нядоімкі і штрафы. Бажко.

6. Разм. Спісаць жыўцом у каго‑н., выдаўшы за сваё. Садраць сачыненне. □ — Ну, я спішу ваш расклад, здзяру яго да літары... Дайце мне, калі ласка, паперы... Колас.

•••

Садраць магарыч — атрымаць хабар. Адсудзіць, нягоднік, дальбог жа адсудзіць і магарыч з пана Крукоўскага здзярэ. Бажко.

Садраць скуру (дзве, тры скуры) — тое, што і злупіць скуру (дзве, тры скуры) (гл. злупіць).

Садраць шкуру (дзве шкуры, сем шкур) з каго — тое, што і злупіць шкуру (дзве шкуры, сем шкур) (гл. злупіць).

садру́жнасць, ‑і, ж.

1. Узаемная дружба, сяброўскае яднанне; саюз. Садружнасць нацый. Садружнасць пакаленняў савецкіх людзей. □ Як магутная сіла сусветнай сацыялістычнай садружнасці, як несакрушальная цытадэль міжнароднай пралетарскай салідарнасці, як светач міру і сацыяльнага прагрэсу ўзвышаецца сёння наша вялікая Радзіма — правобраз будучага сусветнага брацтва працоўных. Машэраў.

2. Аб’яднанне на аснове агульных інтарэсаў, поглядаў. Садружнасць мастакоў. Садружнасць літаратараў. // Супольнае жыццё на аснове агульнасці ўмоў асяроддзя. Мікраарганізмы і расліны жывуць у цеснай садружнасці.

садрыга́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. садрыгацца — садрыгнуцца.

садрыга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да садрыгнуцца.