Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вяці́сты, ‑ая, ‑ае.

З вялікай колькасцю вецця. Вяцістая бяроза.

вя́цічы, ‑аў.

Старажытнае ўсходнеславянскае племя, якое ўвайшло ў склад рускай народнасці.

вячо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Разм. Вячэрняя газета. Рыгор купіў свежую.. вячорку. Гартны.

вячо́ркі, ‑рак; адз. няма.

Зборы вясковай моладзі зімовымі або асеннімі вечарамі для сумеснай работы; забавы. Сходзіліся на вячоркі дзяўчаты з прасніцамі і калаўроткамі, а да іх далучаліся хлопцы. Колас. Сялом вясновым гарманіст Ідзе к дзяўчатам на вячоркі. Хадыка.

вячо́рніца, ‑ы, ж.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных.

вячы́сты, ‑ая, ‑ае.

Паэт. Векавечны; векавы. Як адзінокія вартавыя, стаялі вячыстыя дубы. Хадкевіч. Дзе Вуса цалуецца з хвалямі Лошы, — Нёман вячысты выходзіць у свет. А. Александровіч.

вячэ́ра, ‑ы, ж.

Спажыванне ежы вечарам. Вячэра цягнулася ў гэты вечар доўга. Чорны. // Сама гэта ежа. Маці збірала на стол познюю вячэру. Кулакоўскі.

вячэ́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Спажываць ежу вечарам. Звечарэла. Сям’я вячэраць села. Корбан.

вячэ́рні, ‑яя, ‑яе.

1. Які мае адносіны да вечара (у 1 знач.). // Які бывае вечарам. Вячэрняе неба. □ За полем ізноў быў лес, які тануў у вячэрнім змроку. Колас. // Які працуе, дзейнічае, выходзіць вечарам. Вячэрні факультэт. Вячэрняя газета.

2. Прызначаны для вечара (у 2 знач.). Вячэрняя сукенка, прычоска.

вячэ́рнік, ‑а, м.

Разм. Навучэнец, студэнт навучальных устаноў, якія працуюць вечарам.