Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

яско́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Адна- або шматгадовая расліна сямейства гваздзіковых.

яскра́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан яскравага. Калі мы стаялі на маўклівай плошчы, перад намі з асаблівай яскравасцю ажыла яе багатая рэвалюцыйнымі падзеямі гісторыя. Мележ.

яскра́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Выразны, ясны; яркі. Выйду, выйду, дзе горада грукат, дзе афішы ў фарбах яскравых. Дубоўка. Шчодра ліло цяпло яскравае красавіцкае сонца. Шамякін. Лагодны летні дзень сеяў сонечныя, яскравыя зярняты на поле і лес. Бядуля.

2. перан. Пераканаўчы; яркі. Сам зборнік «Дзень паэзіі» ёсць дастаткова яскравае сведчанне таго, што нашы паэты жывуць вельмі разнастайным і ў той жа час багатым і змястоўным жыццём. Гілевіч. Яскравым прыкладам бурнага росквіту эканомікі і культуры з’яўляецца наша рэспубліка. «Звязда».

я́слі, ‑яў; адз. няма.

1. Кармушка для жывёлы ў выглядзе адкрытай драўлянай скрынкі на ножках або рашоткі, нахільна прымацаванай к сцяне. Зося хутка ўправілася з канём: распрагла, напаіла, завяла ў хлеў і падкінула ў яслі ахапак свежага дзяцельніку. Гартны. [Каня] вабіў да сябе цёплы хлеў з яслямі, поўнымі мурожнага сена. Новікаў.

2. Выхаваўчая ўстанова для дзяцей узростам да трох гадоў. Дзіцячыя яслі. □ [Маці:] А я ў полі прыбіраю Жыта ў перавяслы Ды сама сябе пытаю: Як мой сын у яслях? Колас. Сваю Настачку — Дзіцё тое — Нясу ў яслі я Раніцою. Купала.

я́сна,

1. Прысл. да ясны.

2. безас. у знач. вык. Пра добрую бясхмарную пагоду. На небе было ясна. Чарнышэвіч. Хмары яшчэ больш разышліся на небе, вадзяны пыл апаў, стала зусім ясна. Лупсякоў. Едзе восень на рабым кані, Тут дажджы ліюць, а тут і ясна. Астрэйка. // Пра наяўнасць дзе‑н. святла; празрыста, светла. Кусты і трава.. слухалі звонкую музыку крышталёва-чыстага патоку. Тут было ціха, ясна і радасна. Самуйлёнак.

3. безас. у знач. вык. Зразумела, відавочна. Усё было ясна. Усё акрэслена. Усё безумоўна. Ні сумненняў, ні мрояў, ні дзіўных сноў... Кірэенка. // Пра здольнасць лагічна, свядома мысліць, успрымаць што‑н. На душы было светла, у галаве ўсё ясна. Ермаловіч.

4. у знач. пабочн. Несумненна, безумоўна, вядома. І куды ж Андрэй Шэмет можа ісці на Устроні? Ну ясна, у райком. Лобан.

ясна...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «ясны» (у 1 знач.), напрыклад: яснавокі, ясназорны.

яснаба́чанне, ‑я, н.

Паводле містычных уяўленняў — цудадзейная, незвычайная здольнасць прадбачыць, распазнаваць будучае і з’явы, якія недаступны ўспрыманню звычайнага чалавека.

яснаво́кі, ‑ая, ‑ае.

З яснымі, светлымі вачамі. Спі, засні, мой голуб яснавокі. Вялюгін. / у перан. ужыв. Во з-за лёгкай, празрыстай хмарынкі Яснавокае сонца зірнула. Журба.

яснавяльмо́жнасць, ‑і, ж.

Гіст. Тытулаванне польскіх паноў і ўкраінскіх гетманаў (ужывалася з займеннікамі ваша, яго, яе, іх).

яснавяльмо́жны, ‑ая, ‑ае.

Гіст. Форма ганарова-пачцівага называння польскіх паноў і ўкраінскіх гетманаў. Умеюць гнуць, сціскаць і трэсці Яснавяльможныя паны. Колас. // у знач. наз. яснавяльмо́жны, ‑ага, м. Польскі пан ці ўкраінскі гетман. Людзі голасам галасілі ад панскай ласкі. Шукалі дзе якую ўправу на яснавяльможнага. Сабаленка.